«Пазбягай жанчын любой цаной». Правілы банкіраў з Ўол-стрыт пасля #MeToo


У эпоху #MeToo фінансавыя кампаніі перагледзелі правілы зносінаў з жанчынамі-калегамі. Bloomberg папрасіў каля 30 кіраўнікоў буйных фінансавых кампаніяў распавесці, як памяняліся іх асабістыя і карпаратыўныя стандарты паводзін.

Аўтары Bloomberg прыйшлі да высновы, што ў эпоху #MeToo мужчыны з фінансавых кампаніяў па ўсёй Уол-стрыт пачалі прымаць супярэчлівыя стратэгіі у паводзінах з жанчынамі, што зрабіла жыццё апошніх яшчэ цяжэйшым. Пасля прызнання віцэ-прэзідэнта Майка Пэнса аб тым, што ён пазбягае абедаць з любымі жанчынамі, апроч сваёй жонкі, многія амерыканцы пайшлі ягонымі слядамі, што прывяло да маштабнай палавой сегрэгацыі ў бізнесе.

«Гэта стварае адчуванне хады на дыбачках», – сказаў Дэвід Бансэн, былы кіраўнік дырэктар Morgan Stanley.

Юрыст па занятасці з кампаніі FordHarrison Стэфан Цвэйг кажа, што некаторыя мужчыны непакояцца, што супраць іх выставяць фальшывыя абвінавачанні: «Яны баяцца, што страцяць кантроль».

Коратка мадэль цяперашніх працоўных дачыненняў паміж мужчынамі і жанчынамі ў фінансавым сектары ЗША можна сфармуляваць так:

  • не запрашаць на бізнес-ланч жанчын маладзей за 35;
  • не выпіваць з жанчынамі пасля працы;
  • не сядзець побач з жанчынамі ў самалёце;
  • падчас камандзіровак сяліцца на розных паверхах гатэлю;
  • ладзіць сустрэчы ў прысутнасці трэціх асобаў;
  • ні ў якім выпадку не заставацца сам насам.

Калі перад праблемай сустрэчаў сам-насам мужчынаў і жанчын аказаўся адзін з інвестыцыйных дарадцаў, які кіруе каля сотняй працаўнікоў, ён разглядаў розныя варыянты, у тым ліку, пакідаць падчас такіх сустрэчаў дзверы адкрытымі. Але ў выніку вынайшаў уласную параду: «Проста не будзь казлом!».

Масавы рух супраць сексуальнага гвалту і дамаганняў распачаўся летась у кастрычніку пасля таго, як выданні The New Yorker і The New York Times апублікавалі артыкулы з абвінавачваннямі ў адрас галівудскага прадзюсара Гарвi Ўайнстэйна.

Многія актрысы (у іх ліку, напрыклад, Гвінет Пэлтроу і Анджэліна Джолі) распавялі пра яго сексуальныя дамаганнях.

Неўзабаве пасля публікацый акторка Аліса Мілана запусціла ў Тўітэры флэш-моб #MeToo.

У пастах з гэтым гэштагам жанчыны і мужчыны расказвалі пра тое, як сутыкаліся з гвалтам і дамаганнях. Рух падтрымалі ў многіх краінах свету.

ДД

Стужка навінаў