Павел Аракелян: Для мяне Лукашэнка - прыкрае непаразуменне


Вядомы беларускі саксафаніст упэўнены, што самае галоўнае для беларусаў – пазбавіцца ад «маленькага Лукашэнкі» ўнутры сябе. Пра тое, ці лічыць ён джаз элітарнай музыкай, ці згодны абмяняць суперпапулярнасць на смерць у росквіце сіл і якія беларускія песні паказаў бы іншапланецянам – музыкант Павел Аракелян распавёў у інтэрв’ю belsat.eu.

«Людзі схільныя да масавай істэрыі, так хай лепш гэта будзе па Дэвіду Боўі, чым траўля геяў»

– Паміраюць мільярдэры і палітыкі, і зноў разумееш, што нават самыя ўплывовыя і багатыя смяротныя. Значыць, калісьці прыйдзе чарга і Аляксандра Лукашэнкі. Вы б зайгралі на яго памінках/пахаванні?

– Для мяне Лукашэнка – гэта непаразуменне, хоць і даволі прыкрае, натуральна, ні дзень нараджэння, ні дзень яго смерці ніякім чынам не паўплываюць на маё стаўленне. Я даволі хутка яго забуду, ніяк адзначаць гэтую дату не буду, але зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб такое непаразуменне больш не паўтарылася. І самае галоўнае, каб гэты маленькі ўнутраны Лукашэнка памёр у кожным з нас, а гэта ўжо значна складаней.

– Сёння яшчэ будзем закранаць смерць. Памёр Дэвід Боўі – ён быў для Вас кімсьці?

– Я не захапляюся творчасцю Боўі, таму нічога не магу сказаць

– Ведаеце, памірае вось так музыкант, і колькасць яго «сапраўдных» прыхільнікаў адразу павялічваецца ў дзесяць разоў, усе адразу сталі слухаць і любіць Дэвіда Боўі. Як Вам здаецца, гэтыя памерлыя артысты былі б рады такой увазе? Хоць з другога боку, гэта ўсё роўна увага, якая з’яўляеца самым галоўным для шоў-бізнэса...

– Вось вы і адказалі на сваё пытанне, шоў-бізнэс важны для тых, хто робіць ці шоў, ці бізнес на гэтым шоў. Нябожчыку ўжо ўсё роўна. А людзям уласціва падвяргацца масавай істэрыі, так няхай гэта лепш будзе істэрыя па Дэвіду Боўі, чым траўля геяў, да прыкладу.

 

– Ці сочыце Вы за нацыянальным адборам на Еўрабачанне?

– Я не сачу, таму што гэта конкурс, які не мае аніякіх адносінаў да музыкі, таму што наогул лічу, што конкурсы ў сферы мастацтва – даволі спрэчныя мерапрыемствы. Адпаведна, мне абсалютна ўсё роўна. Хто паедзе ад Беларусі мяне хвалюе крыху менш, чым курс тэнге, колер бруку на вуліцах Лондана і рускія серыялы.

– Якія песні беларускіх выканаўцаў Вам больш за ўсё запомніліся у мінулым годзе?

– Па гадах не сачу, але з задавальненнем пазнаёміўся з групай «Рэлікт», заўсёды ставіўся з велізарным піетэтам да этна-трыа «Троіца», адкрыў для сябе цэлую плеяду маладых і вельмі цікавых джазмэнаў.

– Нядаўна ўспаміналі Уладзіміра Мулявіна. У Вас ёсць да яго нейкія асаблівыя эмоцыі?

– Уладзімір Мулявін даволі сур’ёзна паўплываў на развіццё папулярнай музыкі ў Беларусі, але для мяне нашмат больш важнымі з’яўляюцца музыкі, якія рабілі гэтую музыку асаблівай – гэта Ігар Сафонаў, гэта Анатоль Гілевіч.

«Гісторыя сама рассудзіць, патрэбна ёй мая музыка ці не»

– Некалькі гадоў таму ў бясконцы даследчы палёт у космас быў запушчаны зонд са спецыяльнай пласцінкай з інфармацыяй аб Зямлі, на якой, у тым ліку, былі запісаны і выбітныя музычныя творы зямлян. З надзеяй, што гэтыя дадзеныя хто-небудзь прачытае і пазнаёміцца з зямлянамі. Можаце назваць некалькі беларускіх песень або мелодый, якія б Вам хацелася запісаць на такой пласцінцы пад маркай «беларуская музыка»?

– Гэта абавязкова што-небудзь з рэпертуару этна-трыа «Троіца», хоць бы тыя ж «Тры Янгалы», магчыма, нешта з Вольскага і Вайцюшкевіча.

– Адначасова з падтрымкай магутнай фізічнай формы Вы робіце вельмі меладычную музыку. Не для барыкад і спартзалаў. Жорсткія фізічныя нагрузкі, біцэпсы і… мяккія гукі саксафона і сінтэзатара – ёсць у гэтым нейкая велізарная супярэчнасць…

– Я раблю тое, што павінен. У рамках той жа «Крамбамбулі» – гэта даволі тэстастэронавага шоў, у рамках сваіх праектаў – у мяне не заўсёды ёсць выбар, што менавіта рабіць, калі да цябе прыходзіць пэўная музыка, ты мала на гэта ўплываеш, а проста траслюеш яе па меры магчымасцяў.

Аракелян– Ці Вы прынялі б «лёс Морысана, Хендрыкса або Кабэйна»: суперпапулярнасць і мегацытаванасць, але, разам з тым, смерць у росквіце сіл?

Зноў жа, сумняюся, што са мной гэта адбудзецца, але і тут складана выбіраць – калі здарыцца, то вазьму, не здарыцца – таксама прыму, галоўнае – прытрымлівацца свайго шляху. Вельмі складана прачнуцца аднойчы і падумаць = «Хм, а ці не стаць мне новым Кабэйнам?», Табе ці ёсць, што сказаць, з усімі вынікаючымі, альбо сказаць няма чаго.

– Наогул, для Вас важна, ці застанецеся Вы і Ваша музыка ў гісторыі ?.

– Раней, у часы юнацкага стаўлення да жыцця было вельмі важна. Зараз – абсалютна ўсё роўна, дакладней, я выдатна разумею, што гісторыя сама рассудзіць, патрэбна ёй мая музыка ці не.

– Здаецца, што тое, што Вы робіце, у Беларусі – джаз – не для ўсіх, што ён тут ён амаль нікому не патрэбны. У Вас ёсць пачуццё нейкай элітарнасці таго, што Вы робіце?

– Я не лічу гэтую музыку элітарнай. Больш за тое, часам проста дзіўлюся, якая публіка яе слухае, гэта значыць, проста не магу ніяк прадказаць, хто адрэагуе на той ці іншы эксперымент. Такім чынам, як кожны артыст, я аддаю перавагу поўным вялікім залам, але як любы творца выдатна разумею, што гэта далёка не заўсёды залежыць ад эмацыйнага зместу музыкі, яе інтэлектуальнага напаўнення або якасці. Зноў жа, публіка сама вырашыць, сабрацца ёй у колькасці дваццаці, або ў колькасці двух тысяч чалавек. Я перастаў ставіцца да музыкі, як да бізнэсу.

belsat.eu

Стужка навінаў