Паўночнакарэйскія смартфоны-канструктары, Прынцэса На-Ра і карэйскі NEXTA


Паўночная Карэя абыходзіць санкцыі ААН, каб стварыць уласныя мадэлі смартфонаў і зарабіць на ўнутраным попыце. Пра гэта сведчаць эксперты а таксама карэйцы, якія змаглі ўцячы з КНДР.

Гэтак, смартфон «Пхеньян 2423», выпушчаны напрыканцы мінулага года, мае ўсе кампаненты звычайнага смартфона. Але што ў ім мясцовага? Слоты для сім-карты і карты памяці маюць серыйныя нумары японскага вытворцы «Toshiba». Чыпсэт – ад тайваньскай фірмы «MediaTek». Сам мабільнік мае нумар, які вядзе да кітайскай кампаніі «Gionee», вытворцы танных смартфонаў. Праграмнае абсталяванне – «Android» ад Google.

«Гэты мабільнік сабраны з дэталяў з розных краінаў. Усе запчасткі ўключаныя ў міжнародныя санкцыі супраць КНДР, што выклікае пытанні», – кажа паўднёвакарэйскі эксперт у мабільных тэлефонах Лі Ёўнг-Хўан.

Тайваньскі «MediaTek» і японская «Toshiba» заявілі інфармацыйнаму агенцтву «Reuters», што не вядуць бізнесу з КНДР і не парушаюць санкцыяў. Кампанія Google заявіла, што любы вытворца абсталявання можа карыстацца «Андроідам» – гэтая праграма мае адкрыты зыходны код. Праўда, карыстацца КНДРаўскімі мабільнікамі можна толькі для званкоў унутры краіны, а загрузка і перадача файлаў моцна абмежаваныя.

Калі ўсталяваць недазволеную ўладамі праграму, тэлефон «заглючыць», а звесткі з яго знікнуць.

«Ад 3 да 6 мільёнаў чалавек выкарыстоўваюць гэтыя смартфоны, а плата за абслугоўванне і прыём званкоў таксама вельмі вялікая. Гэта можа быць крыніцаю прыбытку для ўладаў», – тлумачыць Шын Мі-Нё, генеральны дырэктар Арганізацыі аб’яднання Карэі.

У сярэднім паўночнакарэйскія мабільнікі каштуюць ад $100 да $400 – і гэта старыя мадэлі. Яшчэ $15 трэба заплаціць за 100 хвілінаў размоваў. Для падначаленых Кім Чэн Ына гэта вялікія грошы, але смартфоны акупляюцца перадусім на чорным рынку. У КНДР квітнее ценявая эканоміка на ўзор познесавецкай – са сваймі кантрабандыстамі, цэхавікамі, фарцоўшчыкамі і спекулянтамі, пад прыкрыццём партыйнай карупцыі ды з жорсткімі пакараннямі ў выпадку арышту.

«Я прадала дзвюх свіней, а таксама вазіла зёлкі кантрабандай у Кітай. І збірала юані. Я збірала і збірала, прадала ўсё, што было вартага ў доме. І тады змагла набыць смартфон», – распавядае Чхой, перабежчыца з КНДР.

Дзяржаўную праграму смартфанізацыі паказальна падтрымаў Бліскучы Таварыш Кім Чэн Ын. Кіраўнік КНДР асабіста ездзіў на фабрыку памацаць тэлефоны і публічна хваліў якасць мясцовага прадукту.

«З эканамічнага і жыццёвага пункту гледжання, мяркую, у Паўночнай Карэі карыстанне смартфонамі вырасце. Моладзь ужо гуляе ў гульні на смартфонах і карыстаецца імі для адукацыі. Смартфон там – гэта сімвал багацця», – распавядае Шын Мі-Нё, генеральны дырэктар Арганізацыі абʼяднання Карэі.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў ужыла санкцыі супраць КНДР за развіццё ракетна-ядравай праграмы і пагрозы выкарыстаць зброю масавага знішчэння супраць суседніх краінаў.

***

«NEXTA» па-карэйску і Прынцэса На-Ра

А тыя жыхары Паўночнай Карэі, якія здолелі зламаць праграмныя абсталяванні, могуць не толькі атрымаць інфармацыю са свабоднай часткі паўвостраву, але і паглядзець відэафайлы з блогаў перабежчыкаў. Уцекачы з КНДР, якія заводзяць блогі на Youtube, апошнім часам набіраюць папулярнасць, распавядаючы пра штодзённае жыццё сваіх землякоў.

«Вядома, людзі цікавяцца палітыкай КНДР, але ім таксама хочацца ведаць, што там ядуць, што робяць на выходныя, як жывуць. Паўночнакарэйскія ютуберы стварылі сваю нішу на рынку відэаблогаў, проста дзелячыся сваймі гісторыямі», – распавядае эксперт Конкукскага ўніверсітэту ў Сеуле Чон Ёўнг-Сун.

Самая папулярная тэма – гісторыі ўцёкаў з КНДР, смяротна небяспечных. Канг На-Ра, якую фанаты называюць Прынцэсаю На-Ра, ледзь не патанула, калі ўцякала праз раку Туманган у Кітай, адкуль змагла пераправіцца ў Паўднёвую Карэю да маці. Тут аднак Канг На-Ра сутыкаецца і з інтэрнэт-нянавісцю. Каб выліць сваю злосць і страх перад ядраваю вайною, некаторыя каментатары зычаць ёй трапіць на паўночнакарэйскія руднікі або загінуць ад атручанай іголкі забойцаў. Але радасцяў больш. Відэа пра макіяж у стылі КНДР або кулінарныя рэцэпты збірае падпісантаў і дае трохі грошай ад рэкламы.

«Я шчаслівая, калі размаўляю з людзьмі, адказваю на іх каментары або чую рэкамендацыі, як палепшыць трансляцыі», – усміхаецца перабежчыца-блогерка.

За апошнія 20 гадоў прыкладна 32 тысячы паўночных карэйцаў здолелі ўцячы на поўдзень ад галечы ды палітычных рэпрэсіяў. Калі маладыя ютʼюберы распавядаюць гісторыі жыцця па той бок міннага поля, пра галадамор у сем’ях і муштру ў школах, іхныя суайчыннікі, народжаныя ў Паўднёвай Карэі, пазбаўляюцца стэрэатыпаў і страхаў перад падзеленай часткаю народу.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Стужка навінаў