Паўла Севярынца пасадзілі ў ізалятар. Яго вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі

3 кастрычніка на ўездзе ў рэстаран «Поедем, поедим» у Курапатах затрымалі Паўла Севярынца, сябра аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Палітыка завезлі ў аддзел міліцыі ў Бараўлянах, а пазней даставілі ізалятар часовага ўтрымання.

Падчас варты абаронцы Курапатаў спынілі машыну дырэктаркі забаўляльнай установы Святланы Дубковай. Яна выклікала ДАІ. У выніку Севярынец быў затрыманы.

Паўла Севярынца вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.

Відэа затрымання

4 кастрычніка Севярынца будуць судзіць, верагодна, у судзе Менскага раёну (Менск, вуліца Маякоўскага 119А), паведамляе прэс-служба партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Нагадаем, што грамадскія актывісты ўжо некалькі месяцаў удзельнічаюць у варце каля рэстарана «Поедем, поедим», які знаходзіцца побач з урочышчам Курапаты.

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле розных звестак, там былі расстраляныя ад 30 да 250 тысяч чалавек.

ЮВ, belsat.eu

Hавiны