«Паставілі здароўе людзей на першае месца». САЗ назвала адмену парадаў 9 траўня «адважным рашэннем»

Прадстаўнік Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі здароўя падзякаваў усім палітыкам, якія адмовіліся ад правядзення вайсковых парадаў 9 траўня.

Падчас прэс-канферэнцыі 7 траўня прадстаўнік САЗ Ганс Клюге заявіў, што «сітуацыя ва ўсходняй частцы рэгіёну па-ранейшаму выклікае занепакоенасць».

«У Беларусі, Казахстане, Расейскай Федэрацыі і Украіне за апошні тыдзень вырасла колькасць новых выпадкаў інфікавання», – адзначыў прадстаўнік САЗ.

У Беларусі 20 168 выпадкаў захворвання на COVID-19. Мінздароўя: гэта 8,7 % ад усіх тэстаў

Ганс Клюге нагадаў, што правядзенне ў цяперашняй сітуацыі масавых імпрэзаў можа справакаваць новую ўспышку захворвання.

«Наперадзе ў нас вельмі важны дзень – Дзень Перамогі, 9 Траўня. Хачу адзначыць урады, якія прынялі адважнае рашэнне адкласці або перанесці парады, паставілі здароўе людзей на першае месца. Мы ў рэгіянальным офісе вельмі паважліва ставімся да гэтай даты. Але цяпер час шукаць альтэрнатыўныя рашэнні для святкавання, каб не падвяргаць рызыцы чалавечыя жыцці, – заявіў Клюге.

Макей: «Парад – святая справа для кожнага грамадзяніна Беларусі»

9 траўня «Белсат» будзе весці онлайн-трансляцыю параду на Дзень Перамогі, які пройдзе ў Менску.

Пачатак стрыму – а 10:30, сам парад распачнецца а 11:00. Калона вайсковай тэхнікі праедзе па праспекце Незалежнасці і праспекце Машэрава.

ЮВ belsat.eu

Hавiны