«Паспеў прачытаць 10 кніжак». На волю выйшаў журналіст і праваабаронца Алесь Райкан


Журналіста і праваабаронцу Алеся Райкана сустракаюць аднадумцы.
Фота: «Белсат»

25 траўня ў магілёўскага праваабаронцы і журналіста Алеся Райкана, вядомага як Алесь Буракоў – малодшы, скончыўся 10-дзённы арышт за акцыі блогера Сяргея Ціханоўскага. Сустракаць яго да магілёўскага ізалятару прыйшлі сваякі, калегі і сябры. Выпусцілі Алеся роўна ў той час, калі і затрымалі, 10 содняў таму.

Першыя словы Алеся на волі датычыліся ўмоваў утрымання ў магілёўскім ізалятары.

«Я разглядаю гэтыя содні, як адпачынак ад гаджэтаў, як добрую самаізаляцыю, бо ўвесь тэрмін я знаходзіўся ў камеры адзін. Відаць, такім чынам магілёўскія праваахоўнікі клапоцяцца пра журналістаў і праваабаронцаў і падчас эпідэміі даюць ім магчымасць у лепшых умовах правесці некалькі дзён», – жартуе Алесь пад сценамі ізалятара.

Сустрэча на выхадзе з ізалятару.
Фота: «Белсат»

Для Алеся 10-дзённы тэрмін зняволення праляцеў вельмі хутка…

«Я перачытаў 7 кніжак з бібліятэкі самога ізалятару і 3 кніжкі, якія мне перадалі з дому. Дарэчы. Дзякуй усім за перадачкі і асабліва за паштоўкі – было вельмі прыемна іх атрымліваць».

Інтэрв’ю пасля содняў у ізалятары.
Фота: «Белсат»

На думку Алеся, умовы ў ізалятары былі цалкам прыстойныя, а супрацоўнікі ізалятару ставіліся да яго вельмі паважліва і лагодна, тут ніякіх нараканняў няма. Чаго журналіст не можа сказаць пра супрацоўнікаў Ленінскага РАУС, якія яго затрымлівалі і складалі на яго пратакол.

«Гэта проста трэшак і абсурд. Міліцыянты вельмі хацелі асудзіць мяне патаемна. Але ў мяне атрымалася зрабіць так, каб чалавек датэліўся да маёй маці. Дзякуючы чаму мае калегі Барыс Бухель і Аляксей Колчын паспелі патрапіць хаця бы на вырак», – кажа Алесь Райкан.

Алесь Райкан выйшаў на волю.
Фота: «Белсат»

Алеся Райкана міліцыя пільнавала яшчэ з 8 траўня, але затрымалі яго толькі 15 траўня. У той жа дзень яго судзілі нібыта за актыўны ўдзел у мітынгу пад Магілёўскім ІЧУ і далі 10 содняў.

«Супрацоўнік Ленінскага РАУС Павел Башарымаў на маім судзе ў якасці сведкі заявіў, што я актыўна ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве пад ІЧУ а 19-ай гадзіне. Але ж я з’ехаў адтуль у 17:30. Сведка казаў, што я быў без апаратуры, як звычайны ўдзельнік акцыі. А пасля мы прагледзелі відэадоказ, дзе добра бачна, што я стаю з камерай у руках, што зараз не 19 гадзін. Я раблю выснову, што Башарымаў проста сказаў тое, што яму сказалі сказаць», – кажа Алесь Райкан.

На думку Алеся Райкана, масавыя затрыманні – гэта акцыя міліцыі супраць праваабаронцаў і журналістаў, якія загуляліся ў ліберальнасць і дэмакратыю. Такі знак напярэдадні выбарчай кампаніі.

«Самае галоўнае пасля такіх выпадкаў – працаваць так, як ты працаваў раней. Калі ты працаваў дрэнна, то цябе мабыць бы не заўважылі. А калі ты працаваў добра і цябе пасадзілі, значыць, ты робіш нешта цікавае», – зрабіў выснову Алесь Райкан.

Журналіста і праваабаронцу Алеся Райкана сустрэлі аднадумцы.
Фота: «Белсат»

Родныя сустрэлі Алеся кветкамі і абдымкамі, калегі павіншавалі з выхадам на волю.

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў