Пасольства Расеі просіць ў гарадзенскіх уладаў тлумачэнні, чаму быў дэмантаваны помнік Чапаеву


Помнік Чапаеву дэмантавалі ў Горадні ў лютым для рэканструкцыі, прымеркаванай да 75-годдзя вобласці. Спачатку планавалася, што пасля абнаўлення яго вернуць на месца. Аднак гарадзенцы пачалі збіраць подпісы, каб бюсту знайшлі новае месца, напрыклад у музеі. Улады з гэтым пагадзіліся – Чапаеў ніякага дачынення ні да Горадні, ні да Беларусі не мае, піша «Наша ніва».

Але расейскі сайт ІА «Чырвоная вясна» накіраваў зварот у МЗС Расеі. Замежнапалітычнае ведамства заявіла, што «старанна адсочвае падзеі», якія адбываюцца ў замежных краінах і звязаныя з спробамі перапісаць гісторыю, каб дагадзіць сваім кан’юнктурным інтарэсам, сцерці з народнай памяці сапраўдных герояў мінулага і ўключаюць такія дзеянні як дэмантаж помнікаў, перайменаванне вуліц ды іншае. «Для Беларусі падобныя праявы не характэрныя, нягледзячы на ​​асаблівае меркаванне па шэрагу гістарычных сюжэтаў».

«МЗС Расеі і Пасольства РФ у Менску звярнулі ўвагу на факт дэмантажу бюсту народнаму герою В. І. Чапаеву ў Горадні. Адзначылі негатыўнае ўспрыманне з боку гарадзенцаў, асабліва старэйшага і сярэдняга веку, а таксама расейскіх суайчыннікаў. 23 красавіка супрацоўнік расейскага пасольства сустрэўся з прадстаўнікамі Гарадзенскага аблвыканкаму. Падчас гутаркі дадзены тлумачэнні, што помнік сапраўды дэмантаваны для правядзення рэстаўрацыйнай працы і па іх заканчэнні яму будзе знойдзена годнае месца ў адным з гарадскіх музеяў. Акрамя таго, атрыманыя запэўніванні, што меры не зʼяўляюцца «барацьбой з савецкімі манументамі», паколькі пераважная большасць савецкіх назваў тапанімічных абʼектаў як у сталіцы, так і ў іншых населеных пунктах Беларусі не мяняліся апошнія 25 гадоў», – растлумачылі ў МЗС Расеі.

Таксама ў МЗС РФ падкрэслілі, што працягваюць сачыць за далейшым развіццём падзеяў і трымаць гэтае пытанне на кантролі.

«Чырвоная вясна» таксама сцвярджае, што «ініцыятыву вызваліць вуліцу Горадні ад бюсту В. І. Чапаева вылучылі беларускія нацыяналісты, якія лічаць неабходным прыбраць з публічнай прасторы гераізацыю «ідэалагічнага ворага».

Аб’ектыў
Зноў архітэктурны абсурд у Горадні. Вяртанне Чапаева
2019.02.28 21:13

СК belsat.eu

Стужка навінаў