Пасля затрымання загадчыцы дзіцячага садка ў Крычаве цела выхавальніцы знайшлі ў рацэ

Сёння ў Крычаве развіталіся з выхавальніцай дзіцячага садка №19. Жанчына, хутчэй за ўсё, скончыла жыццё самагубствам. Яе цела знайшлі ў рацэ Сож, дома яна пакінула перадсмяротную запіску. Напярэдадні, 10 красавіка, мясцовая «раёнка» «Крычаўскае жыццё» змясціла спачуванне ад кіраўніцтва і працоўнага калектыву дзіцячага садка №19 «у сувязі з заўчаснай смерцю Наталлі Е., выдатнага чалавека і педагога». Калегі пішуць, што «светлая памяць аб Наталлі Леанідаўне назаўжды застанецца ў сэрцах».

У той жа час Следчы камітэт Магілёўскай вобласці пацвердзіў факт выяўлення цела 41-гадовай жанчыны вадалазамі ТВВОД (Таварыства выратавання на водах) у рацэ Сож апоўдні 8 красавіка. У Магілёўскай абласной арганізацыі ТВВОД пацвердзілі, што ў доме патанулай жанчыны знайшлі перадсмяротную запіску, у якой тая паказала, што шукаць яе трэба ў рацэ Сож.

Рака Сож. Фота – Сяргей Няроўны, belsat.eu

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, вадалазы і супрацоўнікі праваахоўных органаў шукаюць і 78-гадовую маці патанулай. Пакуль на беразе знойдзеная яе куртка, у якой быў знойдзены тэлефон. Паводле адной з версій, маці патанулай знайшла перадсмяротную запіску дачкі і пабегла яе ратаваць, аднак сама магла патануць.

Следства мусіць даць адказ, чым была трагічная гібель педагога дзіцячага садка №19 – няшчасным выпадкам або суіцыдам. А калі суіцыдам, то ці звязаным з расследаваннем крымінальнай справы аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў у дачыненні затрыманай 27 сакавіка загадчыцы дзіцячага сада Алы Пастуховай?

Ала Пастухова. Фота – Сяргей Няроўны, belsat.eu

«Увесь горад пра гэта гаворыць»

А пакуль Крычаў поўніцца размовамі і разважаннямі аб трагедыі, якая здарылася. Аб затрыманні 27 сакавіка загадчыцы садка Алы Пастуховай ў сувязі з падазрэннем у здзяйсненні карупцыйнага злачынства паведамілі шматлікія інфармацыйныя рэсурсы са спасылкай на афіцыйныя крыніцы ў Следчым камітэце. Калі інфармацыю хаваць стала немагчыма, пра гэта паведаміў і пракурор Крычаўскага раёна Леанід Палевіч.

У рамках следчых дзеянняў дома ў Пастуховай прайшоў ператрус. Паводле інфармацыі аўтара, следчыя выявілі буйную суму ў далярах, слоікі з фарбай, законнасць набыцця якіх будуць высвятляць следчыя.

Загадчыцу дзіцячага садку ў Крычаве вывелі ў кайданках з працы. Вінавацяць у карупцыі

Пасля затрымання Пастуховай следчыя апыталі працоўны калектыў. Прадстаўнікі аддзелу адукацыі райвыканкаму паведамілі, што дзіцячы сад чакае комплексная праверка.

«Наталля заўсёды панічна баялася Пастухову, і цяпер старалася выгарадзіць яе, у адрозненне ад астатніх, перад следчымі, баялася магчымай вочнай стаўкі з Пастуховай, можа, таму, што па просьбе загадчыцы збірала некаторыя сумы з прэміяў», – патлумачыла адна з супрацоўніц установы.

«Спалохалася яна і праверкі аддзелу адукацыі, нейкія дакументы былі ў яе не запоўненымі. Увогуле, запанікавала яна, хоць усе яе суцяшалі», – дадала супрацоўніца.

Як ужо паведамлялася, Ала Пастухова была на добрым рахунку – дзіцячы сад №19 прызнаваўся пераможцам спаборніцтваў сярод дашкольных устаноў раёну, загадчыца ўзнагароджвалася граматамі, яе партрэт вісеў на Дошцы пашаны, не так даўно з ёю працягнулі кантракт на тры гады, нягледзячы на ​​62-гадовы ўзрост. Акрамя таго, Пастухова неаднаразова ачольвала ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Дзіцячы сад №19 у Крычаве. Фота – Сяргей Няроўны, belsat.eu

Хто вінаваты ў смерці выхавальніцы?

Следчы камітэт пакуль не бачыць сувязі паміж гібеллю выхавальніцы і расследаваннем крымінальнай справы ў дачыненні да Пастуховай.

У Крычаве аб загінулай кажуць толькі добрае. Адзначаюць яе спакойны, неканфліктны характар, парадак у доме. У нядзелю, за дзень да смерці, Наталлю з маці бачылі ў царкве, куды раней яна не хадзіла. У яе засталіся 17-гадовая дачка, муж і паралізаваны бацька.

«Белсат» выказвае спачуванні сваякам і блізкім нябожчыцы.

Сяргей Няроўны belsat.eu

Hавiны