Пасля забойства афраамерыканца кіраўніца паліцыі ў Атланце падала ў адстаўку

Пасля смерці афраамерыканца Рэйшарда Брукса, якога падчас бойкі застрэліў супрацоўнік паліцыі, кіраўніца паліцэйскага дэпартаменту Атланты Эрыка Шылдс падала ў адстаўку. Гэты выпадак справакаваў у горадзе акцыі пратэсту супраць паліцэйскага гвалту ў дачыненні да афраамерыканцаў, піша Бі-Бі-Сі.

Кіраўніца паліцыі ў Атланце Эрыка Шылдс падала рапарт аб звальненні. Шылдс узначальвала паліцэйскі дэпартамент са снежня 2016 года. Усяго яна прапрацавала ў паліцыі на розных пасадах больш за 20 гадоў.

Рэйшарда Брукса супрацоўнік паліцыі застрэліў вечарам 12 чэрвеня. Трагедыя адбылася каля кавярні хуткага харчавання. Супрацоўнікі рэстарацыі выклікалі паліцыю, паколькі кіроўца аўта ў чарзе заснуў за рулём і замінаў праезду іншых аўтамабіляў. За стырном быў 27-гадовы Рэйшард Брукс.

Паводле паліцыі, малады чалавек быў п’яны, пачаў аказваць супраціў паліцыянтам. Брукс выхапіў у супрацоўніка паліцыі электрашокер і схаваўся ў будынку. Пазней ён пачаў цэліцца ў паліцэйскага, які і выстраліў у Брукса. Ад ранення мужчына памёр у больніцы.

Смерць Брукса выклікала хвалю пратэстаў супраць паліцэйскага гвалту ў дачыненні да афраамерыканцаў. Да гэтага ў Атланце адбыліся мітынгі ў сувязі з смерцю Джорджа Флойда.

У ЗША усім паліцыянтам, датычным да гібелі Флойда, высунулі абвінавачванні

СК belsat.eu

Hавiны