Пасля публікацыі аўдыязапісу сустрэчы з БРСМ школьнікам у Карэлічах забаранілі тэлефоны


Гісторыя з аўдыязапісам, што апублікаваў Belsat.eu з сустрэчы вучняў Карэліцкай СШ № 1 з раённым кіраўніцтвам БРСМ і Камуністычнай партыі, атрымала свой працяг.

Як паведамілі нашы крыніцы ў Карэлічах, неўзабаве пасля публікацыі матэрыялу ў школе адбыўся бацькоўскі сход, на якім бацькоў, нічога ім не растлумачыўшы, змусілі ўсіх падпісаць паперу, што іх дзіця не будзе карыстацца ў школе тэлефонам. А затым змусілі падпісаць аналагічную паперу і саміх дзяцей.

Ніхто ні з бацькоў, ні з дзяцей не адмовіўся гэта зрабіць. Дарэчы, у статуце школы і дагэтуль была прапісана забарона на карыстанне дзецьмі тэлефонамі і іншымі гаджэтамі, але раней на яе ўвагі звярталі.

У тэлефоннай размове з Belsat.eu дырэктар школы Алена Вярбіцкая пацвердзіла, што ў школе зараз забаронена карыстацца гаджэтамі, і нагадала пра ранейшую забарону ў статуце. Пры гэтым яна раскрытыкавала публікацыю аўдыё з сустрэчы без узгаднення з кіраўніцтвам школы і БРСМ.

На далейшыя пытанні дырэктар адказваць па тэлефоне адмовілася, заклікаўшы прыходзіць да яе, каб паразмаўляць «вочы ў вочы».

Нагадаем, што журналістам Belsat.eu трапіў аўдыёзапіс з сустрэчы кіраўнікоў Карэліцкага БРСМу з вучнямі СШ № 1 Карэлічаў. На аўдыё чуваць, як першы сакратар раённага камітэту БРСМу Яўген Пархамовіч і сакратар Карэліцкай райарганізацыі Кампартыі Беларусі Марыя Белянова распавядаюць навучэнцам пра перавагі ад сяброўства ў арганізацыі ды пра сустрэчу актывістаў з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнка 29 кастрычніка.

«Трэба займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, і будзе такі гонар пачуць прэзідэнта», – тлумачыла на сустрэчы Марыя Белянова.

Hавiны
«Займаць актыўную пазіцыю, каб мець гонар пачуць прэзідэнта». Што актывісты БРСМу распавядаюць школьнікам (аўдыё)
2018.11.23 13:02

МГ, Belsat.eu

Стужка навінаў