Кампанія «Apple», пасля таго, як на патрабаванні Масквы абазначыла Крым расейскім, атрымала шэраг прэтэнзіяў. У сувязі з гэтым у карпарацыі заявілі, што маюць намер перагледзець сваю палітыку абазначэння спрэчных тэрыторыяў на мапах і ў прыкладаннях, піша Reuters.
«Мы правядзем паглыблены аналіз прынцыпаў, якімі кіруемся падчас абазначэння спрэчных межаў у нашых сэрвісах, і ў выніку, магчыма, зробім змены ў будучыні», – распавяла прэс-сакратар «Apple» Трудзі Мюлер.
Паводле прадстаўніцы кампаніі «Apple», змены межаў Крыму на прыладах у Расеі зробленыя «ў адпаведнасці з новым законам, які ўступіў там у сілу». Паводле словаў прэс-сакратара, на іншыя краіны гэтыя змены не распаўсюджваюцца.
Расейскія дэпутаты вялі перамовы з прадстаўнікамі «Apple» наконт прыналежнасці Крыма на працягу апошніх шасці месяцаў. У Дзярждуме настойваюць, што ўкраінскае вызначэнне Крыма парушае расейскае заканадаўства. У выніку кампанія пайшла насустрач. Але ўлады Украіны абурыліся на гэта. Раскрытыкавалі такую захаду і некаторыя іншыя краіны Еўропы.
16 сакавіка 2014 года Расея правяла незаконны з пункту гледжання міжнароднай супольнасці «рэферэндум аб статусе Крыму». Афіцыйны Менск, як і большасць краінаў свету, не прызнаў яго вынікаў. Пасля анексіі Крыму заходнія краіны ўвялі жорсткія санкцыі супраць Масквы, а кіраўніцтва Расеі ўзяло курс на паслядоўную самаізаляцыю.
СК belsat.eu