Пасля абвяшчэння выраку ў судзе актывіст парваў Канстытуцыю


Аднаго з арганізатараў акцыі супраць «паглыбленай інтэграцыі» з Расеяй у Горадні, якая прайшла 15 снежня, Мікалая Саляніка прысудзілі да штрафу ў памеры 45 базавых велічыняў.

64-гадовы актывіст Беларускага нацыянальнага кангрэсу і інвалід 2-й групы Мікалай Салянік на суд прыйшоў з Канстытуцыяй, Адміністрытыўным і Крымінальным кодэксам ды іншымі юрыдычнымі дакументамі, каб даводзіць сваю праўду. Саляніку інкрымінавалі парушэнне 2-й і 3-й частак арт. 23.34 АК РБ. То бок, заклік да ўдзелу і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Мікалай Салянік у судзе. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Шкада, партызаны не дажылі да нашага часу…»

На пачатку паседжання Салянік заявіў адвод суддзі Алене Тоўсцік-Самойла, бо «суддзі прызначаныя прэзідэнтам, якому няма веры». Адвод, аднак, не быў задаволены. Актывіст сваёй віны не прызнаў, аднак не запярэчваў, што сапраўды заклікаў прыходзіць на акцыю і сам у ёй удзельнічаў. Падчас прамовы актывіст шмат апеляваў да Канстытуцыі, якая ставіць грамадзяніну ў абавязак абарону незалежнасці і суверэнітэту краіны.

Hавiны
Акцыя дзеля падтрымання незалежнасці прайшла ў Горадні
2019.12.15 15:57

«Вельмі шкада, што партызаны не дажылі да нашага часу! Інакш і ім даводзілася б браць дазвол у адміністрацыі на абарону Радзімы… Я ж вашага прэзідэнта прыйшоў падтрымаць на перамовах у Пецярбурзе, каб не дапусціць зліцця аднаго злачыннага рэжыму з іншым!» – казаў суддзі Мікалай Салянік.

Мікалай Салянік на ганку суда. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Калі вы не прызнаеце гэты дакумент…»

Падчас працэсу выступілі і трое міліцыянтаў, якія займаліся відэафіксацыяй акцыі 15-га снежня: Шутовіч, Кейзер ды Путнікаў. Прысутныя былі абураныя тым, што суддзя запытваецца пра месца жыхарства ў падсуднага, але не задае падобнага пытання міліцыянтам. Маўляў, міліцыя мае ведаць, дзе жывуць актывісты, але актывісты тое самае пра міліцыю ведаць не павінны… Суддзя заўвагі праігнаравала.

Суддзя Алена Тоўсцік прысудзіла актывісту штраф у памеры 45 базавых велічыняў, то бок 1147,5 рублёў. Адразу пасля абвяшчэння выраку Мікалай Салянік парваў Канстытуцыю са словамі: «Калі Вы не прызнаеце гэты дакумент, то і не трэба…»



АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў