Партыя БНФ заявіла пра ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі і назвала свайго кандыдата


Намеснік кіраўніка партыі БНФ Аляксей Янукевіч стане кандыдатам ад партыі на прэзідэнцкіх выбарах у наступным годзе. Пра гэта палітык распавёў «Белсату».

«Яшчэ ў 2017 годзе на з’едзе партыі было вырашана пра ўдзел у выбарах. Было прынята рашэнне, што асноўным кандыдатам буду я і магчымым дублёрам стане Юрась Зянковіч. Але пазней, падчас перамоваў, Сойм партыі пацвердзіў гэтае рашэнне і прынялі выніковае, што партыя БНФ удзельнічае і што я буду адзіным кандыдатам», – распавёў «Белсату» намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Пра свой удзел у наступных прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца ў жніўні 2020 года, заявілі Алена Анісім, Ганна Канапацкая, Вольга Кавалькова, Таццяна Караткевіч, Мікалай Статкевіч, Мікалай Казлоў і лідар ЛДП Алег Гайдукевіч. Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў, што будзе ўдзельнічаць у выбарах.

Аляксей Янукевіч распавёў «Белсату», што апазіцыя цяпер вядзе перамовы пра адзінага кандыдата.

«Мы не адмаўляем, што адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў можа мець сэнс. І мы вядзем кансультацыі з нашымі калегамі адносна таго, ці ўдасца нам выпрацаваць нейкую працэдуру выхаду на такога кандыдата і дамовіцца пра сумесны ўдзел. Калі такое пагадненне будзе дасягнутае, то я буду прымаць удзел у гэтай працэдуры ад партыі БНФ. Калі не будзе дасягнутая дамоўленасць, бо казаць пра гэта пакуль цяжка, то партыя БНФ будзе асобна ўдзельнічаць у гэтых выбарах», – дадаў Аляксей Янукевіч.

CK belsat.eu

Стужка навінаў