Парк у цэнтры Менску аддадуць пад суд


Насупраць новай рэзідэнцыі Лукашэнкі, неўзабаве мусіць паўстаць новы будынак Вярхоўнага суда, але, каб яго пабудаваць, былі высечаныя дзясяткі дрэваў, а ўласна тэрыторыю вывелі з ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны – не запытаўшы мясцовых жыхароў.

Што хочуць, то і робяць

Парк на вуліцы Арлоўская пайшоў пад забудову згодна з указам кіраўніка краіны – гэткія дакументы, паводле закону, з грамадзянамі не абмяркоўваюцца.

«Указам прэзідэнта можна вывесці з агульнага карыстання хоць тэрыторыю Парку Горкага, хоць тэрыторыю Парку Янкі Купалы, і калі ва ўлады з’явіцца жаданне пабудаваць будынак грамадскага значэння або сацыяльнага, то яны гэта зробяць дзе захочуць», – зазначыў Ігар Корзун, актывіст кампаніі «Гарадскі ляснічы».

Прыклад з Вярхоўным судом не адзінкавы – чатыры гады таму, нягледзячы на пратэсты эколагаў, у Менску знішчылі частку парку 40-годдзя Кастрычніка і аддалі тэрыторыю кітайскім інвестарам, цяпер тут стаіць гатэль «Пекін».

Танна, але не зусім, зручна, але не экалагічна

«У Менску, на думку ўладаў, будаваць розныя новыя абʼекты быццам бы няма дзе, і самае таннае – перавесці тэрыторыю зялёнай зоны і перадаць яе пад забудову», – патлумачыў Рыгор Фёдараў, юрыст кампаніі «Экадом».

Атрымліваецца, што сапраўды прасцей дамагчыся дазволу будаваць на месцы паркаў, чымся, напрыклад, руйнаваць старыя дамы ды клапаціцца пра перасяленне іх жыхароў.

А між тым, кажуць эколагі, зялёныя зоны прыносяць яшчэ і эканамічную выгаду: чым больш у горадзе дрэваў, тым менш грошай з дзяржаўнай казны сыходзіць на нейтралізацыю шкодных адкідаў заводаў, ТЭЦ і тых жа аўтамабіляў, у год атрымліваецца ашчадзіць аж да $ 500 тыс.

Настасся Храловіч, Менск, фота – kyrtag.kg

Стужка навінаў