Парашэнка ці Зяленскі? За каго Сяргей Жадан


Пра падзел на нашых і вашых, пра тое, чаго хоча грубы паўночны брат, і чаго цяпер чакае Украіна распавядае пісьменнік і паэт Сяргей Жадан у інтэрв’ю «Белсату».

Сяргей, з якімі пачуццямі вы назіралі за вынікамі першага туру прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне? Калі абвяшчаліся і раслі слупкі, якімі былі пачуцці?

Шчыра кажучы, я сачыў за сацыялогіяй, я бачыў папярэднія апытанні. Зразумела, што такое сацыялогія, яна неаднародная, яна розная. Такім чынам яна адпавядае рэчаіснасці. Нейкіх неспадзяванак не было. Адзінае, я думаў, што разрыў паміж першым і другім месцам не будзе такі вялікі.

А які лідар цяпер патрэбны Украіне?

Мне здаецца, што патрэбны лідар, які не баіцца размаўляць з грамадствам. Прычым размаўляць не проста нейкімі штампамі, папулісцкімі або ідэалагічнымі, а размаўляць сапраўды пра тыя рэчы, якія людзей хвалююць. Таму што ўкраінцы за гэтыя пяць гадоў усё ж адвыклі ад таталітарызму, адвыклі ад таго, што ўлады іх ігнаруюць і што гэта не выклікае ніякага супраціву. Уласна я думаю, што з’явіўся гэткі скептыцызм і крытыцызм у дачыненні да ўлады як такой.

Зяленскі – комік і актор, і разумныя палітолагі, аналітыкі кажуць, што за яго прагаласавалі людзі, якія папросту пратэставалі, – гэтак званы пратэставы электарат. А як вы думаеце, ці сапраўды гэта падмурак поспеху?

Гэта невялікае спрашчэнне. Я думаю, што ў яго, у Зяленскага, ёсць частка прыхільнікаў, якія за яго галасуюць свядома, бо сапраўды бачаць у ім магчымасць нейкіх зменаў. Наколькі гэтая частка рэпрэзентатыўная сярод выбарцаў, я не ведаю, я не палітолаг і не магу даць нейкай ацэнкі. Але я асабіста ведаю людзей, якія галасавалі за яго. Не тое каб за яго, але якія галасавалі не столькі за нейкага з кандыдатаў, а колькі супраць дзейнага прэзідэнта. Бясспрэчна, гэта элемент пратэставага галасавання – ён меў месца.

ВІДЭА
Парашэнка, Зяленскі ды Цімашэнка. Знайдзіце адрозненні
2019.03.31 08:50

Вашая найноўшая кніга «Інтэрнат» прысвечаная вайне на Данбасе, дакладней, антытэрарыстычнай аперацыі, – для каго вы пісалі яе? Для ўкраінцаў або замежнікаў?

Я яе проста пісаў. Я бачыў нейкія рэчы, я быў сведкам нейкіх падзеяў, я размаўляў з некаторымі людзьмі. Мне было вельмі важна пра гэта напісаць. А ўласна тое, што магчымасць яе чытаць маюць не толькі ўкраінцы, – гэта надзвычай важна. Скажам, цяпер яна выходзіць у Беларусі.

А чаму беларусам варта прачытаць гэтую кнігу?

Таму што, на вялікі жаль, мы ў падобных сітуацыях. Шэсць гадоў таму, я думаю, не так шмат украінцаў маглі прадбачыць з’яўленне на тэрыторыі Украіны расейскіх вайскоўцаў. Але пасля пачаўся 2014 год, і расейскія вайскоўцы з’явіліся.

Не дай Бог, каб у Беларусі паўтарыўся гэты сцэнар, але каб ён не паўтарыўся, трэба быць паінфармаванымі ды гатовымі да рознага развіцця падзеяў.

Мы ўсе ў постсавецкай, постімперскай сітуацыі, і акрамя таго, што апошнім часам палітычныя працэсы ў нас адрозніваюцца, па вялікімі рахунку, у нас ёсць грубы паўночны і ўсходні брат, які няспынна намагаецца накласці лапу на нашую свабоду і нашую незалежнасць.

У Беларусі 25 гадоў кіруе адна асоба. Ва Украіне прэзідэнты змяняліся ўжо некалькі разоў. Пра што гэта сведчыць? Наколькі на розных узроўнях цяпер нашыя краіны?

Ведаеце, мне цяжка казаць пра Беларусь, бо, магчыма, я не ўсё разумею, не ўсё ведаю. Ва Украіне гэта сведчыць пра тое, што мы, украінцы, скептычна ставімся да ўлады ў прынцыпе, мы схільныя не давяраць. І відавочна, у нас засталіся да сёння нейкія механізмы змены гэтай улады. Мне падаецца, гэта добры паказнік, бо 20 гадоў, як у Расеі пры ўладзе, ці 25 гадоў, як у Беларусі, – гэта, мне здаецца, прыкмета нейкіх нездаровых тэндэнцыяў. Дакладней, адсутнасці тэндэнцыяў як такіх.

Тэма вайны на Данбасе – яна, можна сказаць, крыху надакучыла, яе было вельмі шмат у медыях, але цяпер яе менш. Але гэта не азначае, што людзі перасталі гінуць, гэта не азначае, што гэтая вайна спынілася. Што цяпер адбываецца на Данбасе, і чаму важна казаць і пісаць пра гэта кнігі?

На Данбасе адбываецца вайна, там штодня абстрэлы, штодня ёсць загінулыя і параненыя. А чаму пра гэта важна казаць? Таму што нават у самой Украіне ў кантэксце выбараў апошнім часам тэма вайны папросту адышла на другі план – што, мабыць, недапушчальна. Калі гінуць грамадзяне, рабіць выгляд, што гэта не так важна, мабыць, нельга. Плюс, зразумейце, гэтая вайна не скончылася. Як яна будзе развівацца, якія будуць працэсы, якія яна нарадзіла, – гэта, я думаю, датычыць не толькі Украіны. Я думаю, гэта датычыць не толькі Расеі, Украіны і Беларусі, не толькі Усходняй Еўропы, гэта датычыць вельмі розных працэсаў. І Заходняй Еўропы таксама, бо па вялікім рахунку, гэта не ўнутраны ўкраінскі канфлікт, гэта не грамадзянская вайна, і гэта нават не толькі канфлікт Украіны і Расеі. Гэта канфлікт, які памяняў усе правілы гульні, парушыў усе магчымыя дамоўленасці, увесь магчымы расклад сілаў. І нават калі ты робіш выгляд, што гэтага не заўважаеш, то гэта ўжо яскрава выказаная пазіцыя.

Аб’ектыў
«І суседзі нашыя падрываліся, і пацярпелыя ёсць…» Брытанцы і жыхары Данбасу разам ачышчаюць украінскую зямлю ад мінаў
2019.04.04 22:43

Але палітыкі не хочуць гэтага бачыць, яны далей пільнуюць свае інтарэсы.

З аднаго боку, так, бясспрэчна. З іншага боку, паслухайце, яны мусяць штосьці рабіць. Так ці іначай нават тыя еўрапейскія лідары, якія прыгожа прыязджаюць на чэмпіянат свету ў Расею паабдымацца з Пуціным, яны ўсё адно пасля змушаныя рабіць нейкія палітычныя заявы і падтрымліваць санкцыі супраць РФ. Палітыка ёсць палітыкай. Гэта не заўсёды шчыра, не заўсёды празрыста і не заўсёды прыемна.

А наколькі моцны падзел ва Украіне на нашых і вашых, як вы пісалі ў кнізе? Ці Украіна цяпер больш кансалідаваная?

Мяркую, у святле апошніх падзеяў казаць пра Украіну аб’ектыўна не выпадае. Мне здаецца, варта пачакаць, чым завершыцца прэзідэнцкая кампанія, пазней можна будзе неяк выдыхаць і рабіць нейкія высновы. Гэты падзел на нашых і вашых – цяпер ён бясспрэчна асабліва востры, асабліва эмацыйны і надзвычай дэструктыўны, як на мяне. І зноў жа, наўрад ці ён аб’ектыўны, бо паліттэхнолагі зрабілі ўсё, каб накруціць насельніцтва напярэдадні выбараў. Зразумела, што мы цяпер жывем штодня, нібыта апошні дзень. Зразумела, што ўсе чакаюць…

Стадыёну?

Хто стадыёну, хто тэлевізійную студыю, дзе маюць адбыцца дэбаты так, як яны прапісаныя ў законе. Хто чаго чакае, але ўсе чакаюць уласна завяршэння гэтай сітуацыі, каб зразумець, што будзе далей. Таму што цяпер Украіна ў падвешаным стане, і папросту ўсе накручаныя.

А чаго чакае Сяргей Жадан?

Я чакаю, што краіна – тая краіна, грамадзянінам якой я з’яўляюся, не зробіць нейкага самагубнага кроку, што ў нас ёсць інстынкт самазахавання, і што яна не зробіць нейкіх фатальных крокаў 21 красавіка.

Размаўляла Аліна Коўшык

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет з Алінаю Коўшык» 04.06.2019

Таксама ў выданні:

Hавiны
Прэзідэнцтва – справа жаночая
2019.04.08 12:12

Фота: REUTERS/Valentyn Ogirenko, Belsat/ Dzianis Dziuba, Pyotr Sivkov/TASS

belsat.eu

Стужка навінаў