Парашэнка прысвоіў Міхаілу Жызнеўскаму званне Героя Украіны пасмяротна

Беларускі герой Нябеснай сотні – першы з замежных грамадзянаў удастоены гэтага звання.

Прэзідэнт Украіны сустрэўся з бацькамі Жызнеўскага ў Кіеве.

«Для нас Герой Нябеснай Сотні беларус Міхаіл Жызнеўскі – не чужаземец, ён – украінец у душы! Прысвоіў Міхаілу пасмяротна званне Герой Украіны і ўручыў Зорку Героя Украіны ягоным бацькам – Міхаілу Пятровічу і Ніне Васільеўне», – напісаў Парашэнка ў Facebook.

25-гадовы Жызнеўскі – сярод першых загінулых герояў Нябеснай сотні. Ён памёр 22 студзеня ад ранення ў сэрца.

21 лістапада 2014 года Пётр Парашэнка падпісаў указ аб прысваенні 99 загінулым на Майдане падчас лютаўскіх падзей (так званай Нябеснай сотні) звання Героя Украіны з уручэннем ордэна «Залатой Зоркі».

13 красавіка сёлета Вярхоўная Рада з ініцыятывы Парашэнкі прыняла змены ў заканадаўстве, якія дазваляюць у выглядзе выключэння прысвойваць званне Героя Украіны замежнікам. За адпаведнае рашэнне прагаласавала 235 дэпутатаў, 0 – супраць.

Летась на «Белсаце» прэзентавалі дакументальную стужку «Жызнеўскі. Воін святла».

ДР belsat.eu

Hавiны