Парад ва ўмовах каронавіруса: з якімі наступствамі сутыкнулася Беларусь?


Больш за два тыдні таму, 9 траўня, у Менску адбыўся вайсковы парад да Дня Перамогі. Эксперты папярэджвалі, што масавае мерапрыемства ва ўмовах пандэміі можа прывесці да значнага росту колькасці інфікаваных COVID-19, але ўлады сцвярджалі, што здароўю беларусаў парад не нашкодзіць. Belsat.eu падсумаваў вынікі параду і паспрабаваў разабрацца, як насамрэч ён паўплываў на сітуацыю ў краіне.

9 траўня ў Менску адбыўся вайсковы парад. Беларусь аказалася адзінай краінай у свеце, якая ва ўмовах пандэміі каронавіруса не адмяніла ніводнага масавага мерапрыемства да Дня Перамогі. Акрамя, уласна, параду ў цэнтры гораду прайшоў святочны канцэрт, праўда, на ім людзей было вельмі мала.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

«Скажуць, што спужаліся»

Лукашэнка, які ад самага пачатку пандэміі называў каронавірус «псіхозам» і выступаў супраць любых абмежавальных захадаў, паабяцаў правесці парад яшчэ напрыканцы сакавіка. На той момант у Беларусі было афіцыйна зарэгістравана менш за 150 выпадкаў заражэння і ніводнай смерці – адзін з найлепшых паказнікаў у Еўропе. Аднак у красавіку сітуацыя істотна змянілася. Цягам месяца (з 3 красавіка да 3 траўня) колькасць інфікаваных каронавірусам вырасла ў 47,5 разоў – з 351 да 16 705. Беларусь абышла ўсіх суседзяў па тэмпах прыросту захварэлых у разліку на колькасць насельніцтва. На гэтым фоне міністр замежных справаў Уладзімір Макей і сакратар Савету Бяспекі Андрэй Раўкоў у размовах з журналістам ухіляліся ад наўпроставых адказаў наконт правядзення параду, адзначаючы, што рашэнне будзе прымацца бліжэй да даты.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

3 траўня падчас нарады па эпідэміялагічнай сітуацыі Лукашэнка канчаткова абвесціў, што парад адмяніць «мы не можам». «Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, глыбока ідэалагічная рэч. Трэба памятаць, што тыя людзі [удзельнікі вайны. – Belsat.eu] паміралі, можа быць, і ад вірусаў, іншых хваробаў. Але яны гэта не адчувалі часам і пра гэта не думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, – скажуць, што спужаліся», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка паабяцаў, што нікога «цягнуць і заганяць» на парад улады не збіраюцца, бо ахвотных «тысячы і тысячы». Ён заявіў, што не трэба задавальняць просьбу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны прывезці іх на парад. Між тым, цягам тыдня перад мерапрыемствамі 9 траўня ў СМІ з’яўлялася інфармацыя пра тое, што ў навучальных установах і на дзяржпрадпрыемствах складаліся спісы тых, хто мусіць пайсці на парад. Дырэктарам школаў і іх намеснікам ва «ультыматыўнай форме» загадвалі наведаць парад, а студэнтаў туды запрашалі, прапануючы розныя бонусы. Нягледзячы на абяцанні Лукашэнкі «паберагчы старых», запрашалі на масавае мерапрыемства 9 траўня і ветэранаў – гэтую інфармацыю belsat.eu пацвердзілі прадстаўнікі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Акрамя таго, напярэдадні Дня Перамогі Лукашэнка загадаў, каб вайскоўцы былі на парадзе не толькі ў якасці ўдзельнікаў, але і гледачоў на трыбунах. Кіраўнік дзяржавы таксама запрасіў на трыбуны людзей, якія ўжо перахварэлі на каронавірус. «Бо тыя, хто перахварэў – гэта людзі, якія перамаглі», – дадаў ён.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Нават сыходзячы з афіцыйных дадзеных, на парад 9 траўня 2020 года прыйшло значна менш людзей, чым было на парадах мінулых гадоў. Паводле МУС, сёлета парад наведалі 15 тысяч гледачоў. Для параўнання, у 2015 годзе прыйшло 600 тысяч чалавек, у 2010-м – 350 тысяч (у Беларусі парады на 9 траўня праводзяць толькі ў юбілейныя даты). Удзел у парадзе прынялі 3000 беларускіх вайскоўцаў. Вайскоўцы з Расеі і Кітаю ў Менск не прыехалі, хоць іхны ўдзел раней анансавала Мінабароны.

Сабраць замежных высокіх гасцей беларускім уладам наагул не ўдалося. За шэсць дзён да параду Лукашэнка сцвярджаў, што «асобныя расейскія дэпутаты і сенатары» выказалі жаданне наведаць парад у Менску і паабяцаў дамовіцца з кіраўніцтвам РФ пра пералёт. Аднак расейскія парламентарыі не толькі не прыляцелі ў Менск, але і жорстка раскрытыкавалі паводзіны беларускага лідара. У прыватнасці, кіраўнік ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі назваў правядзенне параду падчас пандэміі «злачынствам з боку Лукашэнкі». 5 траўня Лукашэнка публічна запрасіў прыехаць у Беларусь лідараў постсавецкіх краінаў, аднак ніхто з іх не прыехаў. Большасць амбасадараў краінаў ЕЗ таксама праігнаравалі запрашэнне – на трыбунах прысутнічалі толькі амбасадары Вугоршчыны і Славаччыны (гэта прывяло да адстаўкі славацкага дыпламата).

Hавiны
Амбасадар Славаччыны ў Беларусі сышоў у адстаўку праз удзел у парадзе
2020.05.14 15:37

Чаканні і статыстыка

Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ) рэкамендавала беларускім уладам адмяніць усе масавыя мерапрыемствы і выказвала «дастатковую занепакоенасць» намерам Лукашэнкі правесці парад. У арганізацыі адзначалі, што па выніках інкубацыйнага перыяду гэта можа прывесці да росту колькасці пацыентаў з COVID-19. Пастаянная каардынатарка ААН у Беларусі Яанна Казана-Віснявецка таксама заклікала ўлады да «неадкладных маштабных захадаў», адзначыўшы, што колькасць інфікаваных у краіне расце ў «геаметрычнай прагрэсіі». Аднак Лукашэнка адмаўляў небяспеку правядзення параду. «У нас няма падставаў адмяніць парад Перамогі. Перакананы, гэта ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей», – заявіў ён.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Афіцыйная статыстыка не зафіксавала скачкападобнага росту колькасці захварэлых на каронавірус, але рост усё ж назіраецца. Напрыклад, цягам двух тыдняў напярэдадні параду ў Беларусі было зарэгістравана 11 584 новых выпадкаў заражэння COVID-19. А цягам двух тыдняў пасля параду – 13 225. То бок, хуткасць распаўсюду каронавіруса вырасла амаль на 12,5 %. Адначасова заўважна змяніўся адсотак выяўленых выпадкаў каронавіруса адносна агульнай колькасці праведзеных тэстаў. Калі на пачатку траўня станоўчымі былі прыкладна 8-9 % тэстаў, то цяпер гэты паказнік складае 12,4 %. Ці паўплываў парад на гэтую дынаміку – сказаць складана. Між тым, Лукашэнка 21 траўня заявіў, што ў Віцебску і Менску, якія больш за ўсіх пацярпелі ад каронавірусу, захворваемасць нават пайшла на спад. «Мы не бачым росту ў Менску цяпер. Гэта шчасце. Нават ужо ў мінус пайшлі», – заявіў ён. Спраўдзіць словы Лукашэнкі немагчыма, бо статыстыку па рэгіёнах Мінздароўя даўно не публікуе.

Лекар менскага шпіталю хуткай дапамогі: «Нас таксама запрашалі на парад»

З публікацый у СМІ вынікае, што многія беларусы не давяраюць афіцыйнай статыстыцы. Журналісты звяртаюць увагу на відавочныя статыстычныя анамаліі: напрыклад, афіцыйна смяротнасць пацыентаў з COVID-19 у Беларусі – адна з самых нізкіх на планеце. Пры гэтым смяротнасць сярод медыкаў – у 15-30 разоў вышэй, чым у іншых краінах Еўропы. Міністэрства аховы здароўя апошнім разам адказвала на пытанні журналістаў у сярэдзіне красавіка, чым толькі падаграе сумневы грамадскасці адносна агучаных лічбаў па каронавірусе.

Медыкі, у сваю чаргу, часта скардзяцца на перапоўненасць шпіталяў і недахоп аб’ектыўнай інфармацыі, а таксама негалосныя забароны кіраўніцтва на камунікацыю з прэсай. Напачатку траўня сваёй пасады пазбавіўся галоўны лекар Віцебскай гарадской клінічнай лякарні хуткай медычнай дапамогі Сяргей Лазар – гэта адбылося праз тыдзень пасля выхаду вялікага рэпартажу TUT.by, дзе распавядалася пра працу рэанімацыі падчас пандэміі. Раней у пракуратуру на допыт выклікалі віцебскую лекарку Наталлю Ларыёнаву, якая ў канцы сакавіка публічна заявіла, што сітуацыя з каронавірусам у Віцебску «пачала выходзіць з-пад кантролю». У такіх умовах магчымасці СМІ атрымаць ад лекараў поўныя звесткі істотна абмежаваныя.

Hавiны
Пасля публікацыі пра ўмовы працы медыкаў, звольнілі галоўнага лекара віцебскай больніцы
2020.05.03 15:42

Лекар менскага шпіталю хуткай дапамогі, які пажадаў застацца ананімным, распавёў, што ягоных калег начальства запрашала наведаць парад.

«Нам абсалютна ненавязліва прапаноўвалі схадзіць, было такое аддаленае гучанне, маўляў, можа хто сам хоча. Ніхто не захацеў. Гэта не было настойліва», – тлумачыць ён.

Паводле нашага суразмоўцы, ён не чуў пра выпадкі інфікавання менавіта на парадзе – «сказаць складана, дзе чалавек заразіўся». На ягоную думку, тыя людзі, што ўсё ж пайшлі на масавае мерапрыемства, магчыма, проста адаптаваліся да небяспекі і ўжо не ўспрымалі яе сур’ёзна. Што да шпіталю хуткай дапамогі, дзе працуе лекар, то там адзін з карпусоў нядаўна выдзелілі выключна пад пацыентаў з COVID-19.

«У нас адзін з карпусоў пачаў прымаць кавідных пацыентаў. Але мы ўсе ізаляваліся адзін ад аднаго, таму не бачым сітуацыі цалкам, не можам казаць, наколькі ён запоўнены. Я не асабліва заўважыў, што хворых стала болей менавіта ў маім аддзяленні, наадварот – праца стала больш арганізаванай, чым у першыя месяцы. У гэтым сэнсе мы наблізіліся да таго стану, у якім мы павінны былі знаходзіцца на старце», – дадае лекар.

ВІДЭА
«Белсат» правёў стрым з Менску. З-за антыпарада ў Бабруйску палову гораду заблакавалі
2020.05.09 11:00

Belsat.eu таксама звязаўся з некаторымі гледачамі і ўдзельнікамі параду, аднак асабіста яны і іхныя знаёмыя на каронавірус пасля 9 траўня не захварэлі. Такім чынам, зрабіць абгрунтаваныя высновы пра эпідэміялагічныя наступствы параду цяпер няма магчымасці.

Эксперт: «Сваімі паводзінамі Лукашэнка звузіў сабе электаральную базу»

Лукашэнка на парадзе 9 траўня 2020 года. Фота president.gov.by

Аглядальнікі, як у Беларусі, так і за мяжой, канстатуюць, што рашэнне Лукашэнкі правесці парад 9 траўня было выключна палітычным, не заснаваным на рэальнай эпідэміялагічнай сітуацыі. У размове з belsat.eu палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі адзначае:

«Унутры краіны Лукашэнка гэтым правядзеннем параду балаў сабе не набраў. Вядома, можна меркаваць толькі эмпірычна, бо незалежная сацыялогія ў нас задушана. Гледзячы на рэакцыі людзей у сацсетках і побытавых размовах, нават тыя, хто адносіцца да цвёрдага электарату Лукашэнкі, былі незадаволеныя. Усё ж здароўе хвалюе людзей найперш, незалежна ад палітычных перакананняў».

На думку эксперта, сваім стаўленнем да эпідэміі Лукашэнка аддаліў ранейшых прыхільнікаў, што асабліва важна ва ўмовах будучых выбараў.

«Калі браць шырэй, то Лукашэнка сваімі заявамі і паводзінамі падчас эпідэміі звузіў сабе электаральную базу. Натуральна, апазіцыя яго крытыкавала і будзе крытыкаваць, але такія ягоныя, мякка кажучы, экстравагантныя паводзіны вельмі насцярожылі і абурылі апалітычных абывацеляў або тых, хто раней падтрымліваў Лукашэнку», – кажа ён.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Сам Лукашэнка публічна намякаў, што рашэнне правесці парад выклікала асаблівую незадаволенасць у Расеі і менавіта з гэтым звязаная крытыку з боку пракрамлёўскіх СМІ на адрас беларускіх уладаў. Яна настолькі раззлавала Лукашэнку, што за тры дні да параду быў пазбаўлены акрэдытацыі і высланы з краіны карэспандэнт расейскага «Першага каналу» Аляксей Кручынін – падставай стаў ягоны рэпартаж пра сітуацыю з каронавірусам у Стоўбцах.

«Што датычыць вонкавапалітычнага аспекту, тут Лукашэнка атрымаў дадатковы негатыў у асобе Пуціна. Безумоўна, правядзенне параду было выклікам крамлёўскаму гаспадару, для якога падобнае мерапрыемства было надзвычай важным – Пуцін сам хацеў сабраць важных гасцей з усяго свету і такім чынам легітымізаваць сваё далейшае кіраванне ў Расеі. Калі там усё сарвалася, Лукашэнка перацягнуў коўдру на сябе і Менск стаў цэнтрам урачыстасцяў. Але ж Пуцін – чалавек памятлівы, а дачыненні паміж Менскам і Масквой і так былі кепскія. Момант з парадам не дадае ім цеплыні, таму Лукашэнка і ў гэтым плане наўрад ці выйграў», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Дык на што разлічваў Лукашэнка, прымаючы рашэнне праігнараваць рэкамендацыі медыкаў і правесці парад насуперак усім абставінам?

«На першы погляд, ён арыентаваўся на меркаванне нейкай невядомай групы людзей. Калі на пачатку траўня ён збіраў нараду і нібыта раіўся, ці варта яго праводзіць, у яго прагучала думка, што людзі не зразумеюць і падумаюць, маўляў, збаяліся. Але дзе знайсці гэтых людзей? Былі заявы ад ветэранскіх арганізацыяў, аднак можна зразумець, кім і як яны рабіліся… Адначасова незалежныя медыі давалі меркаванні ветэранаў, якія выказваліся супраць параду. Таму я думаю, што спасылка на нейкіх людзей была апраўданнем», – сцвярджае Класкоўскі.

Паводле аналітыка, сапраўднай мэтай Лукашэнкі было пацешыць уласнае эга і паказаць сябе як «незгінальнага лідара.

«У фразе «людзі падумаюць, што збаяліся» адчуваецца спецыфіка ўяўленя Лукашэнкі пра тое, якім мусіць быць моцны кіраўнік. Для яго гэта такі круты мужык, якога нельга ўзяць на слабо і якога ніхто не можа «нахіліць». Гэтая ненахіляльнась стала для Лукашэнкі ідэяй фікс і дзеля яе ён можа ісці на ірацыяльныя рашэнні, якія дэ-факта наносяць яму іміджавы ўрон», – рэзюмуе эксперт.

Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў