Папулісты і прарасейскія нацыяналісты перамаглі на выбарах у Славакіі. Пры чым тут забойства журналіста?


Вынікі галасавання разышліся з прагнозамі сацыёлагаў.

Крыніца: volbysr.sk

Першае месца (25,02 %) у парламенцкай гонцы заваявалі славацкія папулісты – апазіцыйная партыя OľaNO («Звычайныя людзі і незалежныя асобы»). Гэтая партыя будзе мець 53 мандаты ў парламенце (усяго ў Славакіі 150 дэпутатаў).

Партыя ўлады SMER-SD («Напрамак – Сацыяльная дэмакратыя»), якая кіравала з 2006 года (з кароткім перапынкам у 2010-2012 гадах), набрала 18,29 % (38 мандатаў) і хутчэй за ўсё сыдзе ў апазіцыю.

Трэцяе месца заняла яшчэ адна папулісцкая партыя «Sme Rodina» («Мы-сям’я»). За яе прагаласавалі 8,24 % выбарцаў (17 месцаў у парламенце). Чацвёртае месца ў прарасейскай ультранацыяналістычнай LʼSNS («Народная партыя – наша Славакія»). Партыя атрымала 7,97 % галасоў і 17 мандатаў. Дарэчы, на парламенцкіх выбарах у 2016 годзе LʼSNS набрала 8,04 %.

Замыкаюць спіс парламенцкіх партый лібертарыянская «Свабода і салідарнасць» (6,21 %, 13 месцаў) і партыя экс-прэзідэнта Андрэя Кіскі «Для людзей» (5,76 %, 12 месцаў).

Галоўнай сенсацыяй гэтай парламенцкай гонкі стала параза блока партый «Прагрэсіўная Славакія» і «Разам», які паўстаў пры падтрымцы дзейснага прэзідэнта Славакіі Зузаны Чапутовай. Блок набраў 6,95 %, а прахадны барʼер для партыйных блокаў у Славакіі – 7 %. Напярэдадні выбараў сацыёлагі былі ўпэўненыя, што гэты барʼер будзе пераадолены.

Славацкія медыі адзначаюць, што на вынікі выбараў магло паўплываць рэзананснае забойства 27-гадовага журналіста Яна Куціяка і ягоная нявесты Марціны Кушніравай. Пару застралілі ў лютым 2018 года ў іхным доме ў 65-ці кіламетрах на ўсход ад Браціславы. Куціяк займаўся журналісцкімі расследаваннямі і спрабаваў выявіць сувязі асобаў набліжаных даа прэмʼер-міністра Славакіі Роберта Фіцо з італьянскімі прадпрымальнікамі, якія, у сваю чаргу, былі звязаныя з мафіяй.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў