24 лістапада ў межах Апостальскага падарожжа ў Японію Францішак наведаў Мемарыяльны парк міру ў Хірасіме – комплекс, размешчаны на тэрыторыі былой акругі Накадзіма, цалкам знішчанай у выніку ядравай бамбардзіроўкі ў 1945 годзе, паведамляе vaticannews.va.
У Хірасіме Францішак агучыў сваё пасланне свету, у якім заклікаў міжнародную супольнасць «памятаць, ісці разам, ахоўваць», адмовіўшыся ад ядравай зброі.
Папа Рымскі нагадаў, што выкарыстанне атамнай энергіі ў ваенных мэтах – гэта злачынства «не толькі супраць чалавека і яго годнасці, але супраць любой магчымасці будучыні ў нашым агульным доме». Ён перасцярог, што за гэтае зло нас асудзяць будучыя пакаленні.
«Калі сапраўды жадаем будаваць больш справядлівае і надзейнае грамадства, мы павінны дазволіць, каб зброя выпала з нашых рук. (…) Сапраўдны мір можа быць толькі бяззбройным», – заявіў Францішак.
Пасля візіту ў Хірасіму Францішак на самалёце вярнуўся ў Токіа.
ЮВ belsat.eu