Памёр культавы амерыканскі поп-спявак Прынс


Цела, якое раней знайшлі ў асабняку амерыканскага поп-спевака Прынса, належыць самому музыку, паведаміў яго імпрэсарыа.

Раней пра смерць спевака паінфармаваў сайт TMZ са спасылкай на ўласныя крыніцы. Як паведаміў TMZ, музыку знайшлі ў хатняй студыі. Спеваку было 57 гадоў.

Паліцыя пацвердзіла, што ў доме музыкі было знойдзенае цела, але не называе імя памерлага, пакуль пра смерць не паведамяць ягоным блізкім.

Пра прычыны раптоўнай смерці знакамітага музыкі таксама пакуль нічога не паведамляецца.

Вядома, што на мінулым тыдні хуткая дапамога даставіла Прынса ў лякарню адразу пасля ягонага чарговага канцэрту. Аднак неўзабаве артыста выпісалі.

За ўсю карʼеру было прададзена больш за 100 млн копіяў запісаў Прынса. У 2004 годзе музыка быў уключаны ў Залу славы рок-н-ролу.

Поўнае імя музыкі – Прынс Роджэр Нэлсан (Prince Rogers Nelson). Ён нарадзіўся 7 чэрвеня 1958 года ў Мінэапалісе (Minneapolis), першы альбом выпусціў у 1978-м і за лічаныя гады стаў вядомы як адзін з самых арыгінальных музыкаў стылю рытм-энд-блюз, які літаральна здзейсніў рэвалюцыю жанру, змяшаўшы разам соўл і фанк.

Да пачатку 1980-ых Прынс стаў адной з галоўных поп-зорак Амерыкі ды і ўсяго свету. Па папулярнасці ў сваім жанры ён тады саступаў, мабыць, толькі Майклу Джэксану (Michael Jackson).

Адзін за адным Прынс выпусціў некалькі альбомаў, якія ўзначальвалі хіт-парады: «Dirty Mind» (1980), «1999» (1982) і, нарэшце, магчыма, самы вядомы яго дыск «Purple Rain» (1984).

Да пачатку 1990-х музыкант дамогся статусу не толькі культавага выканаўцы, але і аднаго з самых запатрабаваных кампазітараў. Напісаныя ім кампазіцыі для іншых выканаўцаў таксама ўзначальвалі хіт-парады.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў