Памёр беларускі рэжысёр Барыс Луцэнка. Развітанне – 7 лютага


Барыс Луцэнка.
Фота: tut.by

5 лютага пасля цяжкай і працяглай хваробы на 83-м годзе жыцця памёр беларускі рэжысёр, народны артыст Беларусі Барыс Луцэнка. Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага.

Развітанне з народным артыстам адбудзецца 7 лютага ў 12:00 у глядацкім фае тэатру імя Горкага.

Барыс Луцэнка нарадзіўся ў 1937 годзе ў Краснадарскім краі Расеі. Скончыў у 1967 годзе Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

З 1967 па 1973 і з 1981 па 1982 год працаваў рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, а з 1973 па 1982 год узначальваў Дзяржаўны расейскі драматычны тэатр Беларусі. Пастаўлены ім у 1974 годзе «Макбэт» Ўільяма Шэкспіра быў прызнаны адной з лепшых пастановак гэтай п’есы ў свеце і атрымаў гран-пры на Фестывалі ў Штутгарце. А «Трагедыя чалавека» Імрэ Мадача атрымала гран-пры на Фестывалі венгерскай драматургіі.

З 1982 па 1991 год узначальваў Менскі тэатр-студыю кінаакцёра. З 1991 па 2008 года Луцэнка быў мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, затым – рэжысёрам-пастаноўшчыкам тэатру.

Агулам рэжысёр на сцэнах Беларусі ды за мяжой паставіў больш за 100 спектакляў.

Таксама Луцэнка як рэжысёр-пастаноўшчык зняў гульнявы фільм па творы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо« (1992). А знятыя ім фільмы-спектаклі «Трагічная аповесць пра Гамлета, прынца Дацкага», «Хрыстос і Антыхрыст» і «Вяртанне ў Хатынь» знаходзяцца ў «Залатым Фондзе» Расейскага тэлебачання.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў