Памылка Пуціна падчас эпідэміі


«Калі мы не хочам італьянскага сцэнару, то патрэбныя экстраныя меры». Расейскія лекары і грамадскія актывісты апублікавалі адкрыты ліст да прэзідэнта і ўраду з просьбай прыняць захады для барацьбы з эпідэміяй каронавіруснай інфекцыі. Але як сцвярджаюць эксперты, сцэнар у Расеі будзе свой.

Колькасць тых, хто заразіўся, у Расеі расце, але раўнамерна. Кіраўнік дзяржавы заяўляе, што сітуацыя агулам пад кантролем.

«Дзякуючы аператыўным захадам, прынятым загадзя і на рэгіянальным узроўні, і на федэральным ужо ў першыя тыдні развіцця эпідэміі ў свеце нам удалося стрымаць масавае пранікненне і распаўсюд [вірусу] у Расеі», – патлумачыў Пуцін

Маскоўскія ўлады ў чацвер казалі аб першай смерці праз каронавірус, але пазней удакладнілі, што прычына смерці 79-гадовай жанчыны – адарваны тромб. У краіне ўвялі рэжым павышанай гатовасці, але пра татальны каранцін гаворка не вядзецца.

Палітолаг Валерый Салавей сцвярджае, што сітуацыя нашмат больш крытычная, чымся заяўляюць улады, а колькасць ахвяраў каронавірусу ў Расеі ўжо перавысіла 1600 чалавек.

«Уводзіцца дэ-факта надзвычайная сітуацыя або элементы прыкметныя – перастаюць працаваць публічныя ўстановы, закрываюць школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, працадаўцам настойліва рэкамендуюць перавесці работнікаў на дыстанцыйны рэжым. Але дэ-юрэ ўсё застаецца так жа, як і было. Вось толькі рэальна ўсё мяняецца, не кажучы пра тое, што любая палітычная актыўнасць ужо заблакаваная ў Маскве і Пецярбурзе», – кажа Валерый Салавей.

Пратэсты напярэдадні галасавання за папраўкі ў Канстытуцыі і легалізацыю пажыццёвага прэзідэнцтва Пуціна забаранілі, а ветэранаў па ўсёй краіне працягваюць збіраць на ўручэнне медалёў, нягледзячы на тое, што менавіта для людзей сталага ўзросту каронавірус асабліва небяспечны. Маскоўскае метро працуе, але ці хтосьці пагодзіцца на транспартавы калапс?

Сталічныя бары працуюць і нават прапаноўваюць кактэйль «Каронавірус». У той жа час мясцовыя жыхары ўжо скупляюць грэчку і туалетную паперу. Дактары ж сцвярджаюць: закрыццё шматмільённага гораду і каранцін не былі б лішнімі.

Абноўлена
Каронавірус ў свеце і Беларусі. Галоўнае
2020.03.23 21:09

Чаму ж тады Расея бачыць досвед іншых краінаў, але шукае свой шлях барацьбы з вірусам? Няўжо баіцца, што больш строгія захады даб’юць эканоміку краіны?

«Першае пытанне, наколькі моцная эпідэмія, каб забіваць эканоміку. І другое – трэба прызнаць, што на моц структуры расейскай эканомікі, якая больш сыравінная, больш прамысловая і менш заточаная на сферу паслуг – гаворка ідзе пра эканоміку агулам, а не пра структуру занятасці, – рызыкі нашмат менш», – каментуе сітуацыю фінансіст, аналітык «Эксперт РА» Антон Табах.

Эканамічны аглядальнік Максім Блант сцвярджае, што справа не ў каранцінных мерах, якія супастаўныя з тым, што адбываецца ў Галандыі ці Швецыі. Улада дапусціла іншую памылку.

«Безумоўна, глупства расейскіх уладаў, якія ў разгар крызісу (ужо было відавочна, што крызіс будзе сурʼёзны, ужо калі ў Кітаі ўсё пачалося) яшчэ пайшлі на развязванне нафтавай вайны. Гэта прывяло эканоміку ў шокавы стан», – cцвярджае Максім Блант.

І прывяло да дэвальвацыі рубля, якая, у сваю чаргу, пагражае ростам інфляцыі. Да такога краіна ўжо звыклася, але цяперашні крызіс не толькі чыста эканамічны. Праз каронавірус наўрад ці атрымаецца развязаць праблему звычайнымі захадамі грашова-крэдытнай палітыкі і бюджэтным стымуляваннем.

Таму галоўная задача ўлады, на думку Валерыя Салаўя, не выклікаць панікі і не паказаць недзеяздольнасці палітычнага і дзяржаўнага менеджменту. Адсюль і свой шлях увядзення каранцінных захадаў і афіцыйныя звесткі пра нязначную колькасць тых, хто захварэў.

«Інфармацыя хаваецца па старой добрай традыцыі яшчэ з часу Чарнобылю і серыі прыродных і тэхнагенных катастрофаў ужо суверэннай Расеі. Як правіла, колькасць ахвяраў заўсёды хавалася. Адна прычына – гэта традыцыя. А другая прычына даволі відавочная: як праводзіць плебісцыт 22 красавіка, калі ў краіне разгортваецца маштабная эпідэмія з немаленькай лічбай ахвяраў?» – працягвае Валерый Салавей.

Вось і атрымліваецца, што, з аднаго боку, пачынаецца будаўніцтва новага шпіталю пад Масквой на больш чым 500 пацыентаў з каронавірусам, а з другога – працягваецца рыхтаванне да маштабнага святкавання 9 траўня.

Улады 145-мільённай краіны традыцыйна пакідаюць сабе поле для манеўру, якое дазволіць зрабіць усё, што захочацца – і не заўсёды з улікам бяспекі грамадзянаў.

Святлана Аўчарова, belsat.eu

У калажы выкарыстаныя фотаздымкі: Аляксей Дружынін; CHINA DAILY / Reuters / Forum

Cюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 20 сакавіка

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў