Памору скаціны не было? Што адбываецца ў вёсцы Хвінявічы, дзе здымаў «Белсат»

Мы ўжо распавядалі аб праблемах у гаспадарцы «Хвінявічы», дзе з-за неналежнага дагляду перыядычна гіне скаціна. У кастрычніку «Белсат» выязджаў на месца і знайшоў сляды ўтойвання памору жывёлы: за кароўнікамі быў закапаны труп цяляці, у яме побач – косці кароў.

Аб безгаспадарчасці «Белсату» расказаў ветфельчар Якаў Антановіч, які адпрацоўвае ў «Хвінявічах» практыку пасля каледжу. Гісторыя атрымала працяг. На Якава Антановіча заведзена грамадзянская справа па абвінавачванні ў гібелі каровы. І гэта ўжо зусім іншая карова, а не тая, чые косткі мы знайшлі незаконна закапанымі.

Памор жывёлы, голад ды азёры гною. «Белсат» даследуе новыя выпадкі на Дзятлаўшчыне

У любым выглядзе – на мяса?

Яшчэ ў верасні прадстаўнікі гаспадаркі «Хвінявічы» звярнуліся ў пракуратуру з просьбай дапамагчы спагнаць з Антановіча шкоду за гібель жывёліны, пракуратура пасля праведзенай праверкі пайшла ў суд. Адказчыкам быў прызнаны толькі Якаў Антановіч, з яго хочуць спагнаць 1314 беларускіх рублёў – кошт здохлай каровы.

«Карова загінула ў нядзелю 1 верасня. Па нядзелях я не працую, загаду аб маім выхадзе на працу ў гэты дзень таксама няма, але гаспадарка ў гібелі каровы вінаваціць аднаго мяне», – каментуе сітуацыю малады спецыяліст.

Пракуратура ж лічыць, што Антановіч не змог дапамагчы цяліўшыйся карове своечасова, нікога не паклікаў на дапамогу, а потым прырэзаў карову, але не разрабіў яе. Мяса сапсавалася, тушу ўтылізавалі на скатамагільніку, ферма панесла страты, і пракуратура звярнулася ў суд.

«Кароўе пекла» пад Жлобінам. «Белсат» правёў расследаванне

Што напісана ў судовых матэрыялах?

У матэрыялах суду напісана, што інфармацыя аб дрэнным стане каровы паступіла Якаву 30 жніўня а 20:00, а карова вярнулася скрываўленая з пашы ў гэты ж дзень а 10:00. Атрымліваецца, што дзесяць гадзінаў жывёла была без дапамогі.

«Загадчыца фермы не сказала своечасова аб стане каровы. Потым я назіраў, жывёла была ў нармальным стане, цяля я адчуваў толькі кончыкамі пальцаў. Пасля гібелі каровы я кансультаваўся з незалежным ветэрынарам, які растлумачыў, што за гэтыя 10 гадзін, якія яна стаяла без дапамогі, матка магла проста зачыніцца і намацаць цяля ўжо было немагчыма», – растлумачыў малады спецыяліст.

Фота прадстаўлена Якавам Антановічам

1 верасня, калі карове стала зусім кепска, даяркі гаспадаркі выклікалі Якава. Той спрабаваў дапамагчы жывёле, а калі не змог, то пачаў тэлефанаваць галоўнаму ветэрынарнаму лекару гаспадаркі, які, паводле спецыяліста, адмовіўся прыехаць.

«Сказаў, што ў яго выходны. Тады я патэлефанаваў гінеколагу, які займаецца складанымі выпадкамі ацёлаў. Той таксама адмовіўся прыехаць. Я тэлефанаваў яму некалькі разоў, а потым сам паехаў за ім. Гінеколаг прыехаў, паглядзеў і даў загад нічога не рабіць, таму што цялё ўжо загінула. Сказаў: не здохне карова – здасі на мяса жывой вагой, а здохне – разробіш і здасі. Гэта звычайная практыка. Вечарам карова здохла і да наступнага дня праляжала ў скуры – мяса сапсавалася».

Сам гінеколаг тлумачыць, што ён загадаў ветфельчару прырэзаць карову і здаць на мяса.

Зноў смерці кароваў. Кіраўніцтва кажа, паказнік па падзяжы ніжэйшы за нарматыў

Хто адказны за смерць каровы?

Пасля апошняга пасяджэння Якаў Антановіч звярнуўся за дапамогай да юрыста. Уладзімір Малей, юрыст, прадстаўнік прафсаюзу РЭП, толькі пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы.

«Складана зараз даваць нейкую адзнаку, паеду на суд 13 лістапада, тады буду дакладна ведаць пазіцыі бакоў. Ёсць ужо некаторыя станоўчыя моманты, суддзя прыцягнула ў суадказнікі і іншых службовых асобаў: галоўнага ветлекара, гінеколага і загадчыцу фермай. Акрамя таго, маюцца парушэнні працоўных правоў Антановіча. Гінеколаг дае паказанні, што загадаў ветфельчару прырэзаць карову, але ў яго абавязкі не ўваходзіць забой жывёлы, тым больш на ферме ж і ўмоў для гэтага няма», – кажа Уладзімір Малей.

Фота прадстаўлена Якавам Антановічам

Але юрыст не ва ўсім падтрымлівае пазіцыю Антановіча:

«Ён ужо месяц на працу не ходзіць, адхілены на час праходжання камісіі, але камісію можна было прайсці даўно і працаваць. А так прыйдзецца яшчэ сплочваць за тое, што не адпрацаваў пакладзеныя два гады. Я кажу яму: хлопец, выходзь на працу!»

Якаву Антановічу заставалася адпрацаваць у «Хвінявічах» паўгода, але зараз ён плануе скасоўваць з прадпрыемствам працоўны дагавор, калі спатрэбіцца – праз суд.

«Я ўжо звярнуўся ў інспекцыю па працы, дзе пракаментаваў асноўныя прэтэнзіі да працадаўцы. Пакуль адказу не атрымаў, але дакладна, што працаваць там я больш не змагу, кіраўніцтва гаспадаркі дапускае шмат парушэнняў, але ніякага адказу за гэта не нясе. Гэта датычыцца і невыканання працоўных пагадненняў і агульнай безгаспадарчасці на фермах».

Фота прадстаўлена Якавам Антановічам

Як праводзяцца дзяржаўныя праверкі?Пакуль што кіраўнікі «Хвінявіч» працягваюць працаваць на сваіх месцах, а правяраючыя органы не знаходзяць на фермах ніякіх прыкмет памору жывёлы. Гэтак, праверкі былі за тры дні да прыезду «Белсату» на ферму. На сайце дзяржаўнай газеты «Гарадзенская праўда» 4 кастрычніка з’явіўся каментар прадстаўніка дзяржкантролю.

«Сёння я асабіста пабываў у гаспадарцы. Не пацвярджаецца зацвярджэнне пра нібыта ўтойванні ў гаспадарцы памору жывёлы», – заяўляў начальнік упраўлення кантролю за працай аграпрамысловага комплексу КДК Гарадзенскай вобласці Віктар Піўка.

«Атрымліваецца, што за цялят, якіх незаконна закопваюць, адказваць ніхто не будзе, а вось за карову, якая здохла ў мой выходны, адказваць павінен я?», – задаецца пытаннем малады спецыяліст Якаў Антановіч.

«Белсат» будзе далей сачыць за справай.

Алена Дубовік Belsat.eu

«Абасраныя каровы ў «Купалаўскім» – кветачкі». На радзіме Лукашэнкі жывёла жыве ў пекле

Hавiны