Памерла настаўніца з вёскі Доктаравічы, дзе зафіксавалі каронавірус


Уначы 1 красавіка ў Капыльскай раённай больніцы памерла 70-гадовая пацыентка Наталля А.

Як стала вядома «Нашай Ніве», яна была з вёскі Доктаравічы, дзе зафіксавалі ўспышку каронавірусу. Інфармацыю выданню пацвердзілі крыніцы, блізкія да медычных колаў, а таксама мясцовыя жыхары.

«Памерла, павязуць у Менск на крэмацыю», – сказалі жыхары Доктаравічаў.

Цягам 30 і 31 сакавіка ў вёсках Доктаравічы, Новыя Доктаравічы і Вуглы Капыльскага раёна працавалі медыкі ў касцюмах спецадзення. Людзей папярэджвалі, што не трэба выходзіць на вуліцы без патрэбы. У многіх жыхароў бралі мазкі на каронавірус. Частку людзей пасля адправілі ў больніцы Менску, Барысава і Капылю.

Hавiны
«Рэкамендавалі асцерагацца каронавірусу». У Капыльскім раёне жыхароў тэставалі, але небяспеку не пацвярджаюць
2020.03.31 00:57

Сярод першых хворых з пнеўманіяй была настаўніца англійскай мовы Наталля А. У Капыль яе даставілі ў цяжкім стане, таму нават не пераводзілі ў Менск. Яе жыццядзейнасць падтрымлівалі з дапамогай адзінага ў раёне апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Сваякі жанчыны каментары пакуль не даюць.

Мясцовым уладам у Капылі было вядома, што жанчына шпіталізаваная, аднак інфармацыю пра смерць ім не прадставілі.

***

Першым памерлым са станоўчым вынікам тэсту на каронавірус стаў 75-гадовы актор Віцебскага тэатру Віктар Дашкевіч. Пазней з’явілася інфармацыя, што ў Віцебску памерла 73-гадовая жанчына, інфікаваная каронавірусам.

Hавiны
Другі смяротны выпадак у Віцебску: памерла інфікаваная каронавірусам 73-гадовая жанчына
2020.03.31 19:53

КА belsat.eu

Стужка навінаў