Палітычныя партыі будуць вымушаныя публікаваць свае фінансавыя справаздачы

Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі заявіў, што ў Беларусі плануецца павысіць празрыстасць дзейнасці палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў – у прыватнасці, яны мусяць зрабіць адкрытай сваю фінансавую справаздачнасць. Пра гэта піша БелТА.

«У адпаведнасці з прапановай Міністэрства юстыцыі сёлета запланаваная падрыхтоўка законапраекта аб унясенні зменаў у заканадаўства аб палітычных партыях і грамадскіх абʼяднаннях. У законапраекце плануецца замацаваць палажэнне аб тым, каб інфармацыя аб дзейнасці, у тым ліку фінансавая справаздачнасць, грамадскіх абʼяднанняў, палітычных партыяў была даступная шырокай грамадскасці. Гэта будзе накіравана на павышэнне празрыстасці дзейнасці гэтых арганізацыяў», – сказаў Алег Сліжэўскі.

Міністр адзначыў, што многія грамадскія арганізацыі зʼяўляюцца некамерцыйнымі і часцей за ўсё існуюць за кошт узносаў, добраахвотных ахвяраванняў. Таму справядліва, лічыць Сліжэўскі, калі грамадзяне будуць ведаць, як гэтыя сродкі выдаткоўваюцца.

ІІ belsat.eu

Hавiны