Палітвязня Піліпа Шаўрова выпусцілі з СІЗА да суда


Як распавяла belsat.eu жонка Шаўрова Вольга, яго выпусцілі яшчэ ў панядзелак, 4 траўня.

Вярнуўся з СІЗА хворым

«Ён вечарам у панядзелак прыйшоў дадому недзе каля 7-й гадзіны, патэлефанаваў у дамафон, у масцы – купіў у бліжэйшай краме, як выйшаў з СІЗА. Схуднеў… Напачатку паведамілі толькі бацькам», – распавядае яна.

Піліп вярнуўся з СІЗА хворым, з тэмпературай 37,0 і болем у горле. Яго выпусцілі не пад хатні арышт, таму актывіст быў у лекара і зараз прытрымліваецца прапісанага лячэння.

Hавiны
Старшыня «Маладога фронту»: Піліп Шаўроў выказаў «мастацкі пратэст», размаляваўшы помнік Пушкіну
2020.01.20 12:45

Вольга кажа, што яна была вельмі здзіўленая і да суда ўжо не чакала пабачыць мужа. Акурат на мінулым тыдні адмовілі ў чарговым хадатайніцтве. Аднак Піліпа выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Да суду аніякіх каментароў ён не дае.

У газеце «СБ. Беларусь сегодня» публікаваліся відэа- і аўдыязапісы допытаў Шаўрова, на якіх ён заклікае да рэпрэсіяў і сцвярджае, што ў некаторых грамадскіх актывістаў ёсць зброя. Аднак Вольга не звязвае вызваленне мужа з публікацыямі ў «СБ».

«На маю думку, яны атрымалі ўсё, што хацелі – справа перададзена ў суд. Днём мне паведамілі, што прызначана судовае паседжанне, а вечарам Піліп вярнуўся дадому», — прыгадвае Вольга.

Яна дапускае, што мужа маглі выпусціць і з-за каронавіруса: каб зменшыць канцэнтрацыю людзей у камерах.

Шаўрову пагражае да 6 гадоў зняволення

Паводле абвінавачання актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў 16-19 студзеня расфарбаваў у чырвоны колер рукі помніку Пушкіна, нанёс бел-чырвона-белы сцяг на помнік загінулым супрацоўнікам МУС і зрабіў надпіс «1937» на плоце помпавай станцыі ў Бараўлянах.

Ён быў затрыманы 19 студзеня і правёў у СІЗА больш за 3 месяцы. Піліпу пагражае да 6 гадоў зняволення.

Праваабарончая супольнасць Беларусі 15 красавіка прызнала Піліпа Шаўрова палітвязнем.

Суд над актывістам адбудзецца а 10 раніцы 18 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.

КТ Belsat.eu

Стужка навінаў