Яна танчыць з Лукашэнкам, пакуль муж сядзіць дома. Гісторыя Паліны Шубы


28 снежня 2019 года. Аляксандр Лукашэнка танчыць з Палінай Шубай на Венскім бале ў Менску. Фота – Yuri Oreshkin / TASS / Forum

На перадкалядным бале Аляксандр Лукашэнка танчыў вальс з маладзейшай за яго на 35 гадоў тэлевядоўцай Палінай Шубай – і зусім не ўпершыню. Першы іх супольны танец адбыўся дзесяць гадоў таму, а знаёмыя яны яшчэ даўжэй.

28 снежня на першым у Беларусі Венскім бале Аляксандр Лукашэнка танчыў вальс з вядоўцай БТ Палінай Шубай.

Апошні раз гэтак шырока жанчыну медыі абмяркоўвалі пяць гадоў таму, калі яна з’явілася разам з Лукашэнкам на матчы Чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.

Аляксандр Лукашэнка і Паліна Шуба на хакейным матчы ў 2014 годзе. Кадр з тэлетрансляцыі/ «Наша ніва»

Пасля просьбы Ксеніі Сабчак распавесці пра сваю спадарожніцу Лукашэнка сказаў, што ведае дзяўчыну з 12 гадоў.

«Калі я прыехаў у адзін гарадок, яна ўручала мне кветкі. І так здарылася, што мы сустрэліся неяк і яна: «А я вас ведаю, Аляксандр Рыгоравіч. І мне расказала пра гэта», – распавёў ён.

Паліна Шуба з шасці гадоў танчыла ў ансамблі «Расінка» у Старых Дарогах.

Калі падчас выбарчай кампаніі 2001 года Аляксандр Лукашэнка катаўся па краіне, ягоны прыезд у райцэнтр прымеркавалі да адкрыцця Палаца культуры. Дарыць кветкі кіраўніку дзяржавы даручылі 13-гадовай Паліне Шубе.

«Паліна з дзяцінства вылучалася выдатнай знешнасцю, была адной з найлепшых у «Расінцы», дый сама з вельмі добрай сям’і. Усё гэта ў суме і прывяло да таго, што выбралі менавіта яе», – распавядала «Нашай ніве» аднакласніца Шубы Ірына Жукава.

У інтэрв’ю Сабчак Лукашэнка прызнаўся ёй, што стаў кіраўніком краіны дзякуючы сваёй цешчы – і «Tut.by» вырашыў сустрэцца з маці Галіны Лукашэнкі.

У сямейным альбоме Алены Жалнаровіч журналісты адшукалі фотаздымак, на якім Лукашэнка гасціць у цешчы ў вялікай кампаніі, сярод якой – Паліна Шуба.

Злева направа: тагачасны намеснік старшыні Федэрацыі тэніса Сяргей Цяцерын (цяпер – старшыня), старэйшы сын кіраўніка Беларусі Віктар Лукашэнка, дзяўчына, падобная на спявачку Алену Ланскую, Аляксандр Лукашэнка, Паліна Шуба, тагачасны кіраўнік Федэрацыі тэнісу Аляксандр Шакуцін (сёння – старшыня Рады дырэктараў кампаніі «Амкадор»). На пярэднім плане побач справа ад Алены Жалнаровіч – лекарка кіраўніка Беларусі Святлана Канашэнка. Фота з сямейнага альбому Алены Жалнаровіч у 2014 годзе апублікаваў «Tut.by»

Калі «Наша ніва» запыталася ў сяброў Паліны, дзе яны пазнаёмілася з Лукашэнкам настолькі блізка, каб ён браў яе ў родныя мясціны ў такім сяброўскім коле, тыя не маглі даць адназначнага адказу. Некаторыя мяркуюць, што Паліна запомнілася Лукашэнку падчас выступаў на конкурсах прыгажосці.

Мельпамена са Старых Дарог

У мадэльны бізнес Шуба патрапіла ў 2003 годзе. Адразу пасля дасягення 15 гадоў школьніца са Старых Дарогаў даслала свае здымкі на конкурс «Твар новага стагоддзя», які ўжо некалькі гадоў ладзіла мадэльная школа «Тамара».

Паліна Шуба. Фота з «Фэйсбуку» Паліны Шубы

Дзяўчынка трапіла ў паўфінал конкурсу, і ўласніца школы, Тамара Ганчарова, запрасіла яе да сябе.

Генеральным партнёрам «Твару новага стагоддзя» выступаў Пётр Лістэрман, які перацягваў беларусак у Маскву. Журналісты называлі Лістэрмана «галоўнай свахай Рублёўкі»: ён не хаваў, што асноўнаю крыніцаю ягонага прыбытку было звадзіць мадэлек з алігархамі.

Нягледзячы на спробу зраіць кар’еру ў Маскве, у 2008 годзе Шуба патрапіла ў лік 12 фіналістак «Міс Беларусь».

«Пасля фіналу да Полі падышла Тамара Ганчарова. Яна прытуліла яе за плечы і сказала: «Шуба, ты шыкоўная. Павер, ты раскошная дзяўчына, у цябе адзінай на конкурсе еўрапейскія рысы твару». Гэта было так шчыра! Пасля фіналу ўсе ўдзельніцы накіраваліся на банкет у гасцініцу «Планета». Кіраўнік краіны таксама прысутнічаў», – распавядала журналістам маці Паліны.

Пасля конкурсу Шуба падпісала кантракт з ОНТ, паводле якога на працягу года не мела права браць удзел у рэкламных паказах і здымацца ў рэкламе.

Увесну 2009 года пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрываўся менскі Тэатр оперы і балета. Музу Мельпамены са скульптурнай групы перад фасадам (яна – злева) ляпілі з Паліны Шубы.

Мадэлькай для Мельпамены са скульптурнай групы каля Тэатру оперы і балету ў Менску стала Паліна Шуба. Фота – «Наша ніва»

«На пошук натуршчыц я адправіўся ў мадэльнае агенцтва, дзе што ні дзяўчына, то патэнцыйная муза. Подыум літаральна асеў ад наплыву прэтэндэнтак, але калі прадэфілявала Паліна, усе патухлі», – расказваў скульптар Генадзь Буралкін.

Неўзабаве Шуба перавядзецца на завочную форму навучання і з’едзе ў Расею, дзе да восені 2011 года будзе працаваць для маскоўскага мадэльнага агенцтва «Fresh Models».

Hавiны
Баль у Лукашэнкі. Фотарэпартаж
2019.12.28 22:19

Паводле Ірыны Жукавай, тая хацела зарабіць на ўласнае жыллё.

«Заставацца за мяжой яна не хацела. Маскву ніколі не любіла і жыла толькі марай хутчэй назаўжды вярнуцца ў Менск, – працягвае Ірына. – Век мадэлі нядоўгі. Калі зразумела, што ўжо час вяртацца на радзіму і будаваць сваё жыллё – вярнулася», – распавядала Жукава.

З Лукашэнкам у Венесуэле

У 2011 годзе Шуба скончыла вучобу ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце па спецыяльнасці «эканаміст-маркетолаг у дрэваапрацоўчай галіне».

Перад рэспубліканскім балем выпускнікоў дзяўчыне паведамілі, што яна будзе танчыць з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Калі я даведалася, што мне выпаў гонар танцаваць з кіраўніком дзяржавы, вядома, вельмі расхвалявалася. Хоць ведала, што асаблівых праблем паўстаць не павінна: я 14 гадоў займалася харэаграфіяй, асабліва трэнаваць не прыйшлося, усё захавалася ў нагах», – прыгадвае Шуба ў размове з «Беларусь сегодня».

Злева направа: старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава, мадэлька і тэлевядоўца Паліна Шуба і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Венскім бале ў Менску 28 снежня 2019 года. Фота – Yuri Oreshkin / TASS / Forum

У тым жа годзе Шуба ўладкавалася на БТ, дзе спачатку вяла «Навіны», пасля – «Панараму».

Некаторыя сябры дзяўчыны прыгадвалі, што як журналістка яна стала суправаджаць кіраўніка Беларусі падчас замежных візітаў – напрыклад, у Венесуэлу.

У 2015 годзе Шуба пачала весці выданні «Галоўнага эфіру». У тым жа годзе яе ўзнагародзілі прэміяй «Тэлевяршыня» як найлепшую вядоўцу штодзённай інфармацыйнай праграмы.

У жніўні 2015 года БТ апублікавала здымак з вяселля Паліны Шубы.

Паліна Шуба і Валерый Шапчыц падчас свайго вяселля ў жніўні 2015 года. Фота з «Фэйсбуку» Белтэлерадыёкампаніі

Як даведаўся «Tut.by» мужам тэлевядоўцы стаў выпускнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, мянчук Валерый Шапчыц, якому на той момант было 35 гадоў.

Паліна Шуба і Валерый Шапчыц на вясельнай цырымоніі. Фота з «Інстаграму» карыстальніцы «t_matveeva»

На ўрачыстасць ён падрыхтаваў для нявесты сюрпрыз – шпацыр на канях. Сам Шапчыц быў у вобразе гусара.

Стужка навінаў