На фестывалі «Камяніца» выступяць палесскія бабулі


16 верасня на фестывалі «Камяніца» пад Менскам адбудзецца канцэрт «Аўтэнтычныя спевы Палесся», дзе прагучаць песні ў выкананні сапраўдных жыхароў рэгіёну.

У канцэрце «Аўтэнтычныя спевы Палесся» возьмуць удзел два калектывы з Брэсцкай вобласці. Дуэт Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі прадставіць вёску Вулька Драгічынскага раёна. У сваю чаргу трыа «Чабатухі» у складзе Надзеі Шылавец, Венеры Пакіпіч і Антаніны Бобрык прадставіць вёску Сташаны Пінскага раёну.

«Наймаладзейшай удзельніцы канцэрта 63 гады, найстарэйшай – 80. Яны вучыліся спяваць ад сваіх бацькоў, дзядоў і бабуль. Яны ведаюць сотні песень. Аснову рэпертуару складаюць абрадавыя песні, а таксама прыпеўкі, лірычныя, бяседныя. Гэта вялікі эксклюзіў, які нават у вёсках зараз можна пачуць вельмі рэдка», – распавядае Сяргей Доўгушаў, лідар гурта «Vuraj» і кіраўнік праекту «Спеўны сход».

Канцэрт «Аўтэнтычныя спевы Палесся» пачнецца а 15.00 у драўлянай царкве. А заспяваць беларускія народныя песні разам са «Спеўным сходам» гледачы змогуць а 18.00 на галоўнай сцэне. Фестываль будзе праходзіць з 12.00 да 22.00.

Гэдлайнерамі «Камяніцы – 2017» будуць гурты «Onuka» (Украіна), «Theodor Bastard» (Расея), «Shuma» (Беларусь), «The Doox» (Украіна). У праграме таксама вялікі кірмаш з майстар-класамі рамеснікаў, выставамі мастакоў і фатографаў, дзіцячай пляцоўкай.

Фестываль адбудзецца на тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо, 4 км. за аўтарынкам «Малінаўка»). Усе грошы ад квіткоў ідуць на рахункі музею, дапамагаючы захоўваць унікальную калекцыю аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў, сабраную ў розных рэгіёнах краіны.

Папярэдне квіткі каштуюць да 10 рублёў (дарослы), у дзень фестывалю кошт узнімецца да 15 рублёў (дарослы). Папярэдні продаж ажыццяўляецца ў сістэмах Bycard.by, Kassy.by, SMSbilet.by. Для дзяцей дашкольнага ўзросту ўваход бясплатны. Даехаць да пляцоўкі можна на аўтобусе ад метро «Малінаўка» ці на ровары. Для веласіпедаў на тэрыторыі музею будзе арганізаваная адмысловая паркоўка.

Генеральны партнёр фестывалю – ААТ «Банк БелВЭБ».

Інфалінія: (029) 363 76 85, (017) 209 41 63

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў