Вольга Сцяпанава, якая нараджала ў кватэры і страціла дачку, распавяла пра свае апошнія два гады


Два гады таму, 17 лютага 2017 года, пасля хатніх родаў у радзільні Віцебску памерла нованароджанае дзіця. Гэтая падзея ўскалыхнула ўсю Беларусь. Маці памерлай дзяўчынкі ўзялі пад варту, яна перабывала ў СІЗА да суда. Суд вынес абвінаваўчы вырак, прызнаўшы маці вінаватай у смерці дачкі. Доўгія суды, раскрыццё шмат якіх фактаў – і ўрэшце Вольгу Сцяпанаву прызналі невінаватай. Як сёння жыве Вольга Сцяпанава? Што думае пра падзеі двухгадовай даўніны? Сваймі думкамі і пачуццямі яна падзялілася з карэспандэнтам belsat.eu.

Як прайшлі для вас апошнія два гады?

Змянілася ўсё: светаадчуванне, прыярытэты, каштоўнасці. Прыйшло разуменне, наколькі каштоўнае тое, што адбываецца тут і цяпер, што заўтра можа не быць ці што ў гэтым заўтра можа не стаць блізкіх табе людзей. Прыйшло ўменне атрымліваць асалоду ад кожнага пражытага моманту. З’явілася адчуванне падзякі свету за тое, што я ўжо маю цяпер. Пытанні фінансаў, карʼеры, статусу сышлі на другі план. Калі паўстаў выбар – кіроўная пасада ці больш часу з сямʼёю, – я нават задумвацца не стала.

Я гэтак жа яшчэ больш упэўнілася: нягледзячы ні на што, нельга трываць несправядлівасці і ўва ўсім трэба ісці да канца. Нават калі разумееш, што прайграеш. Нават калі большасць адвярнулася.

Пацешна, але пазней я даведалася, што, пакуль была ў СІЗА, для часткі сваіх сваякоў паспела стацца «закрытаю тэмай», у той жа час абсалютна незнаёмыя людзі сталі са мною побач.

І ад усіх без выключэння з самага пачатку я чула, што нічога не дабʼюся, што трэба проста зʼехаць, потым у СІЗА – што трэба прызнаць віну, потым – што ўдалося зʼехаць – і чорт з ім, з гэтым прысудам.

Hавiны
Жанчына нарадзіла ў кватэры. Дзіця памерла ў больніцы. Маці знаходзіцца ў СІЗА
2017.08.26 09:21

Цяпер мне кажуць, што ўсе, хто, напляваўшы на закон і сумленне, прымаў беспасярэдні ўдзел у гэтай справе, па-ранейшаму застаюцца на сваіх пасадах. Пачынаючы з Наскевіча, які, займаючы пасаду кіраўніка Следчага камітэту, быў выкрыты і публічна абвінавачаны мной у хлусні, і канчаючы працаўнікамі хуткай ды 3-яй гарадской больніцы Віцебску.

Гледзячы на свайго следчага (а я вельмі выразна заўважыла, як змяніўся ягоны погляд пасля менскіх экспертызаў), я ўсё думала: адмовіцца ён ад справы ці не? Што пераможа: сумленне і прыстойнасць ці чарговая зорачка на пагоны і гадавая прэмія? Але Валько пайшоў на кампраміс, сабраўшы добрыя характарыстыкі з месцаў вучобы, падманам атрымаўшы паказанні пра дабрабыт маёй сямʼі. Мабыць, каб загадзя невінаватаму чалавеку далі менш з улікам станоўчых характарыстык. Зорачка перамагла.

Hавiны
Пракурор не згодны з апраўдальным прысудам маці, у якой падчас хатніх родаў памерла дачка
2018.02.16 11:09

Доктар-рэаніматолаг з калегамі, пакліканнем якіх павіннае быць ратаванне людзей (і, напэўна, ратуюць, бо проста страшна, калі інакш), аддалі перавагу выстаўленню сябе ў судзе клоўнамі, каб статыстыкі сабе прыгожай не сапсаваць смерцю майго дзіцяці. Погляд суддзі на гэта ўсё проста неацэнны. Але і ён выконвае ўказанне зверху і выносіць абвінаваўчы прысуд.

Мне як чалавеку, які вельмі трапятліва ставіцца да паняццяў «прыватнасць» ды «асабістае жыццё», давялося рэзаць сябе па жывым, выносячы на ўсеагульны агляд і сваё жыццё, і сваю бяду. Цяпер я разумею, што гэта было адзіна правільнае рашэнне.

Аб’ектыў
Асуджаная за хатнія роды падасць у суд на дзяржаву
2018.01.25 20:51

Збіраешся яшчэ нешта рабіць, прыцягваць каго-небудзь да адказнасці?

Не. Цяпер у мяне іншыя задачы і мэты. Мой муж паабяцаў, што ўсе вінаватыя так ці інакш будуць пакараныя. Я яму веру. Да таго ж у самой Беларусі ёсць людзі, якія абураныя ўсім тым, што адбылося, і гатовыя дабівацца справядлівасці. Даверанасці я ўжо зрабіла.

І я сачу за лёсамі ўдзельнікаў гэтага працэсу.

Ці прыязджала ты за гэты час у Беларусь?

Не, больш за тое, я забрала да сябе родных. Раней гэтага нельга было зрабіць, бо ў мамы быў прыёмны сын, і яна вельмі хацела, каб ён застаўся ў сямʼі да паўналецця. Пасля таго як яго забралі, яна пагадзілася зʼехаць у Расею.

Калі б была магчымасць вярнуцца ў часе назад, то як бы ты паступіла? Ці змяніла б што-небудзь?

Так, я б засталася ўдома ў Маскве, нягледзячы на складанасці, нікуды не паехала б. А калі б і паехала, то была б больш уважлівая да сябе і свайго стану падчас цяжарнасці ды не давярала б слепа вынікам УГД, зробленым на абсталяванні, якое, мабыць, старэйшае за мяне. Цяпер я ўжо дакладна ведаю, што ў Лізы не было шанцаў, максімум – падтрыманне фізіялогіі без развіцця асобы. Мне казалі, калі б я нарадзіла ў радзільні, то праблемаў не было б, я б яе нават не ўбачыла, але я ўдзячная лёсу за магчымасць быць з ёю да канца. Я трымала яе на руках, я добра памятаю ейны тварык і калі б ведала загадзя цану гэтым дзвюм гадзінам жыцця маёй дачкі (я маю на ўвазе ўсё гэта пекла з судамі), я б пагадзілася яе аплаціць.

Як цяпер адчуваеш сябе фізічна і псіхалагічна?

Фізічна вярнулася ў норму толькі нядаўна, не праведзенае своечасова лячэнне з-за СІЗА моцна ўскладніла далейшае лекаванне. Але ёсць дактары, якія ўмеюць тварыць цуды, дзякуючы ім удалося аднавіць працэс крыватвору, гемаглабін змаглі дацягнуць да 90 і стабілізаваць. Калі сказала, што ў СІЗА два месяцы кармілі прэпаратамі жалеза, мацюкаліся не саромеючыся.

Наколькі змянілася тваё меркаванне пра ўсе гэтыя падзеі праз два гады?

Маё меркаванне засталося ранейшым: гэтая справа сфабрыкаваная пры ўдзеле Следчага камітэту, пракуратуры, падтрыманая судом ва ўгоду карʼерных амбіцыяў чыноўнікаў ад медыцыны, а таксама для прыкрыцця пятых кропак іхных падначаленых.

І толькі дзякуючы агалосцы ды грамадскаму рэзанансу ўдалося яго давесці да апраўдальнага прысуду.

Крысціна Авакумава, belsat.eu

Стужка навінаў