«Пафігізм і абыякавасць». Лукашэнка раскрытыкаваў палітыку ЕАЭС

Кіраўнік Беларусі лічыць, што ў ЕАЭС не хапае дэклараваных свабодаў. Пра гэта ён заявіў сёння падчас сустрэчы са старшынём Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам, перадае БелТА.

«Тых свабодаў, якія мы калісьці дэкларавалі, сёння практычна няма. Або яны ёсць, можна сказаць мякка, не ў поўным аб’ёме. Дапусцім, свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталу. Гэта падмурак будаўніцтва нашага саюзу. Мы да гэтага часу гэтага не маем.

І ведаеце чаму – пафігізм, які заснаваны на нейкай абыякавасці асобных дзяржаў. Іншыя бачаць сябе ў іншым саюзе, проста «телепаются» ў ЕАЭС і чакаюць нейкага зручнага моманту, каб выскачыць з яго. Ці ж проста гэтак: няхай, і далей будзем целяпацца», – сказаў Лукашэнка.

Ён таксама прывёў дадзеныя, што ў ЕАЭС цяпер ёсць 14 выключэнняў, 37 абмежаванняў і 15 барʼераў.

«Іх жа даўно трэба было зняць. У адваротным выпадку, які інтарэс у гэтым саюзе. Што нас трымае ў саюзе, бо навокал перашкоды, барʼеры і выключэнні», – адзначыў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы паскардзіўся, што Беларусь адчувае «прымус і манапалізм» у межах ЕАЭС, аднак не ўдакладніў, ад каго з партнёраў сыходзіць такое стаўленне. Тым часам у святле апошняга пагаршэння стасункаў з Расеяй, можна дапусціць, што Лукашэнка меў на ўвазе гэтую краіну.

Лукашэнка таксама заявіў, што, на ягоную думку, неабходна «заняцца фундаментальнай інтэграцыяй» у межах ЕАЭС, а стасункі Беларусі з Расеяй «з’яўляюцца стрыжнем гэтага саюзу». Аднак пакуль, паводле яго, стасункі ў ЕАЭС выглядаюць наступным чынам:

«Няма ў нас адзінай прамысловай, аграрнай палітыкі. Абсалютна не. Замест таго, каб дамовіцца і працаваць, і гэтым самым абʼядноўвацца, паказваць прыклад тым, хто не ўступіў у наш саюз, мы зладзілі нейкую каніцель і валтузню, якая даходзіць да мардабою. Хто ж будзе хацець у такі саюз уступаць, калі мы самі не можам у гэтым разабрацца – тры дзяржавы, якія стварылі гэты саюз, і якія далучыліся Кыргызстан і Арменія », – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

КА belsat.eu

Hавiны