«Падшкляннік у машыне быў поўны крыві». За што будаўнікі збілі працадаўцу?


Сталічныя сышчыкі затрымалі будаўнікоў, якія малатком выбівалі з свайго працадаўцы заробак, паведаміла 16 лістапада ГУУС Менгарвыканкаму. Belsat.eu пагаварыў з пацярпелым.

У паведамленні сталічнай міліцыі, што адбылося апісвалася так:

«Увечары, калі 38-гадовы дырэктар выйшаў з офісу і накіраваўся ў бок аўтамабільнай стаянкі, мужчыны прайшлі за ім. Пасля чаго адзін з фігурантаў застаўся чакаць на вуліцы, а другі падсеў у аўтамабіль да мужчыны, дзе стаў высвятляць адносіны. Не дасягнуўшы жаданага выніку ў дыялогу, 38-гадовы фігурант дастаў малаток і стаў наносіць удары па каленным кубачку мужчыны, а пасля забраў у менчука 350 рублёў і разам з таварышам схаваўся ў невядомым напрамку».

Hавiны
Працаўнік фірмы біў дырэктара малатком па каленях, пакуль той не выдаў затрыманы заробак
2019.11.18 18:25

38-гадовага мужчыну завуць Андрэй Салаўёў. Ён – дырэктар кампаніі «РемСолоСтрой».

Дзяржаўны сакрэт і кроў у машыне

Блізкі сябар пацярпелага Павел Барысаў распавядае, што ў той дзень яны з жонкай «адмывалі ад крыві» Салаўёва.

«Я казаў, каб ён паехаў да лекара, а ён усё паўтараў, маўляў, « усё нармальна ». Толькі на наступны дзень ён звярнуўся да лекараў, а яны ўжо патэлефанавалі ў міліцыю, – распавядае мужчына. – У яго ўся машына была ў крыві. А падшклянак у машыне быў поўны крывішчы. Андрэй быў у шоку і не хацеў ехаць дадому. Нават сваёй дзяўчыне збіраўся схлусіць, што трапіў у ДТЗ ».

Андрэй Салаўёў пасля збіцця. Фота апублікавана са згоды СалаўёваПаводле неафіцыйнай інфармацыі, падазраваныя цяпер знаходзяцца ў СІЗА. Справу расследуе Цэнтральнае РУУС Менску.

Следчая, якая вядзе справу, не пагадзілася расказаць Belsat.eu падрабязнасці, спаслаўшыся на тое, што «хада папярэдняга следства з’яўляецца дзяржаўным сакрэтам».

Складаныя адносіны без дамовы

Паводле інфармацыі крыніцы, знаёмага з сітуацыяй, «з рабочымі ў Салаўёва складваліся складаныя адносіны, бо браў ён іх без дамовы, а плаціць зарплату не любіў».

«Адбывалася гэта ў Калодзішчах, не каля офісу, як пішуць. У Калодзішчах – адзін з абʼектаў, на які Салаўёў прыцягнуў гэтых небарак. Пазней так атрымалася, што ён застаўся ім вінны каля $ 1000. Вось яны і заклікалі да адказу Салаўёва такім спосабам», – распавёла Belsat.eu крыніца.

Са словаў Паўла Барысава, работнікі, што збілі Андрэя, патрабавалі з яго грошы за працу, якую ён не прасіў рабіць.

«Яны дараблялі абʼект і без узгаднення з Андрэем ліквідавалі дэфекты, якія дапусцілі іншыя будаўнікі. Так мне распавёў Андрэй», – кажа Барысаў.

Суд не дапаможа – усё запісанае на маму

Салаўёў не пацвердзіў Belsat.eu, што яго збілі ў Калодзішчах.

«У інтэрнэце шмат глупства пішуць. Гэта было ў Зацані пад Менскам. А ў Калодзішчах дамовіліся з заказчыкам, які ім плаціць. Яны [тыя, хто напаў] не аддаюць мне будаўнічыя лясы, якія іншыя людзі ад мяне патрабую аддаць. Нападнікаў было трое. Адзін быў проста нейкі выпадковы хлопец. Ён сам спалохаўся ад таго, што адбываецца. Яны наагул на мяне не працавалі. Тры дні пакалупаў і прыйшлі выбіваць грошы з малатком і шурупакрутам», – кажа Андрэй Салаўёў.

«У краіне шмат будаўнікоў і сумежных прафесіяў. Працаваць легальна – вельмі праблематычна. Так, ты плаціш падаткі, але заказчык можа проста не падпісаць акт, пасля чаго ў суд звярнуцца вельмі складана. Але нават калі выйграеш справу, то спагнаць з такога вось Салаўёва няма чаго – усё запісанае на маму», – тлумачыць прадстаўнік будаўнічага бізнесу, які пажадаў застацца ананімным.

Гэта на ўласным прыкладзе ў каментары Belsat.eu пацвярджае і бізнесмен, які працаваў раней з Андрэем Салаўёвым:

«У мяне Салаўёў узяў будаўнічыя лесы ў арэнду на суму каля Br 24 000, і знік. Напісалі заяву ў міліцыю, але пакуль няма выніку. Міліцыя не любіць працаваць па артыкулах махлярства – складана даказалць, – распавёў мужчына. – Было 10 дамоваў арэнды, і адзінаццаты дагавор узяў на сябе прараб, які працаваў у Салаўёва ў чорную. Прараб трапіў на суму каля Br 1500 з-за сваёй непісьменнасці і прастадушнасці».

У «Суполцы майстроў Беларусі» у «Viberʼы» справу аб збіцці Салаўёва каментуюць так:

«Калі працуеш нелегальна, то таксама могуць не разлічыцца, таму што няма чым даказаць сам факт здзелкі. Вось людзі і звярнуліся да метадаў з 90-ых».

ЮВ/МВ belsat.eu

Стужка навінаў