Падман Пуціна пра гісторыю Украіны. Інтэрв’ю з Мар’яй Пшэломец


Беларусі Уладзімір Пуцін прысвяціў толькі некалькі словаў падчас 4-гадзіннай прэс-канферэнцыі – чаму так мала? А таксама пра тое, які гістарычны фэйк распаўсюдзіў кіраўнік Расеі ды якою будзе ягоная замежная палітыка перад прэзідэнцкімі выбарамі ў сакавіку 2018 г.

Інтэрв’ю Аліны Коўшык для «ПраСвету» з Мар’яй Пшэломец, аўтаркай праграмы «Studio Wschód» («Студыя Усход»), якая на польскім тэлеканале «TVP Info» аналізуе праблемы былога СССР.

– Усе журналісты заўважылі, што гэтая канферэнцыя была сціплая на вострыя пытанні. Якое пытанне вам найбольш запомнілася?

– Для мяне самым галоўным было пытанне пра Украіну. Пуцін сказаў, што расейцы і ўкраінцы – гэта адзін народ, што яны заўсёды былі разам і адною дзяржаваю. Але Пуцін схлусіў. Бо ён сказаў, што ўкраінцы і расейцы з 1645 г. разам, бо пабудавалі разам дзяржаву. Адкуль узялася гэта дата? Сапраўды, пасля паўстання Багдана Хмяльніцкага і Пераяслаўскай дамовы, гэта быў 1654 г. Левабярэжная Украіна падпарадкавалася Расеі. А правы бераг да 1792 г., да другога падзелу Рэчы Паспалітай, быў адною дзяржаваю з Польшчай, Літвой і Беларуссю. Мне падаецца, гэта вельмі важны рычаг, бо я даўно сачу за расейскімі СМІ, і там падкрэсліваюць, што ўкраінцы і расейцы – гэта адзін народ. Што ёсць кіеўская хунта, вельмі шкодная, і яе аплочваюць ЗША, але ўкраінскі народ – брацкі Расеі народ.

– То бок Пуцін пашырае гістарычныя фэйкі, калі казаць сучаснаю моваю.

– Так, ён пашырае гістарычныя фэйкі. Я лічу, ён думае і пра свой электарат, і пра ўкраінскіх гледачоў.

– Для каго гэтая канферэнцыя перадусім арганізаваная? Ці на ўнутраны рынак, для сваіх выбарнікаў? І наколькі ён працуе на вонкавы рынак, бо таксама шмат замежных журналістаў?

– Вядома, там было 1640 журналістаў, падаецца. На маё меркаванне, перадусім на ўнутраны рынак, і гэта зразумела, бо ў сакавіку выбары. Удакладнілі, што адбудуцца 18 сакавіка, бо гэтая дата ўжо паўтаралася. Але не толькі на ўнутраны, бо ён дае нейкі сігнал замежным журналістам. І мне падаецца, тое, што ён адказаў на пытанне польскага журналіста, якое датычыла Смаленскай катастрофы, калі Пуцін сказаў, што наўрад ці там нешта адбылося. Але калі там сапраўды нешта адбылося, пытайцеся ў Варшаве, бо самалёт ляцеў з Варшавы, а не з Масквы.

– Гэта вельмі балючае пытанне ў Польшчы. Дагэтуль шмат спрэчак і дыскусіяў.

– Як кажуць, у нас гэта «халодная ўнутраная вайна» паміж апазіцыяй і дзяржаўнай партыяй «Закон і справядлівасць», і гэтыя словы Пуціна яшчэ больш падаграваюць атмасферу ў Польшчы. Думаю, Пуцін меў такую мэту.

– А чаму Беларусі прысвяцілі такое маленькае месца, фактычна, маленькі ўспамін? Беларусь больш не важная для яго?

– Я думаю, што важная, але ў Беларусі ўсё спакойна. Але цікава, што ён прыпомніў, якая выгада ад Еўразійскага звязу ідзе Беларусі, колькі нафты Беларусь атрымлівае, каб пасля прадаваць Захаду. Падкрэсліў, якая выгада для Беларусі з Расеі, і ўсё. Што яшчэ яму трэба.

– Сам Пуцін падкрэсліў, што менскія дамоўленасці не працуюць, вяртаючыся да пытання Украіны. Бо даволі вялікі кавалак канферэнцыі быў прысвечаны менавіта Украіне. Бо ў Кіеве ўлады іх не выконваюць. Як сапраўды выглядае сітуацыя?

Пуцін і расейскі бок заўсёды падкрэсліваюць, што ва ўсім вінаваты Кіеў. Што Кіеў не прытрымліваецца дамоўленасцяў. А гэта Масква не прытрымліваецца, бо паводле дамоўленасцяў, павінна быць запэўненая мяжа паміж Расеяй і Украінай. А там поўнае бязладдзе, бо з Расеі прасочваюцца людзі. Хаця, вядома, Пуцін сказаў, што там няма расейскіх войскаў. Таксама ён сказаў, што ЗША могуць мець сувязі з менскімі дамоўленасцямі. Дагэтуль усе гаварылі, што ЗША тут ні пры чым і не ўдзельнічаюць у перамовах, бо гэта Нямеччына, Францыя, Расея і Украіна. Але цяпер Пуцін прызнаў, што ЗША таксама змогуць сыграць нейкую ролю. Я лічу, цяпер Расея хоча дасягнуць, каб міратворцы ААН былі толькі на мяжы канфлікту. Бо Украіна хацела, каб гэтыя міратворцы былі на ўсёй тэрыторыі Данбасу і на расейска-ўкраінскай мяжы. Гэта было б прызнаннем, што ёсць нейкая ўнутраная мяжа паміж сепаратыстамі Данбасу, Луганску і Украінай. Украіна вельмі моцна супраціўляецца. Вядома, шмат залежыць ад ЗША, і, думаю, Пуцін падмаргнуў ЗША. Тым больш я даведалася сёння ўначы, што Пуцін размаўляў з Трампам.

– Адна з галоўных навінаў пасля канферэнцыі – тое, што Пуцін сказаў, што сам будзе вылучацца, а не ад партыі «Единая Россия». Наколькі гэта важна, і чаму ён так зрабіў – нібы ён такі моцны і не патрабуе дапамогі?

– Упершыню ў гісторыі ён сам, бо ён заўсёды вылучаўся або яго вылучала партыя. Можа, ён хоча падкрэсліць, што ў яго няма наўпроставых сувязяў з не вельмі папулярнаю партыяй. І, напрыклад, з Мядзведзевым, які таксама не вельмі папулярны. Бо з’явіліся чуткі пра тое, што, можа, будзе адстаўка кіраўніцтва нават да прэзідэнцкіх выбараў. Для Пуціна важна, каб расейцы ўспрымалі яго як незалежнага добрага кандыдата, што перадусім рэпрэзентуе інтарэсы не алігархаў і эфэсбэшнікаў, а звычайных людзей. Дзе ён абвясціў пра вылучэнне? Адразу сустрэча з моладдзю, а пасля працоўныя.

– Ваш прагноз, якою будзе замежная палітыка Пуціна, каб ён змог элегантна перамагчы на чарговых выбарах, бо ў гэтым ніхто не сумняецца? Чаго чакаць суседзям?

– Цягам наступных трох месяцаў нічога асаблівага, бо што ён зробіць?.. Не думаю, што на Данбасе будзе абвастрэнне. Ёсць цікавае меркаванне і пра Польшчу. У выданнях «Газета.ru» і «Коммерсантъ» з’явіліся артыкулы пра тое, што Польшча можа зблізіцца з Расеяй. Ёсць дзве прычыны: Валынь і тое, што Польшчы не вельмі падабаецца ЕЗ і тое, што там адбываецца. На месцы польскіх палітыкаў я б задумалася, калі два буйныя часопісы пішуць тое самае. Але наўрад ці нешта такое адбудзецца да сакавіцкіх выбараў. А пасля, як кажуць, «іншалах».

Інтэрв’ю паказалі 15 снежня 2017 г. у праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык.

Таксама ў праграме:

Чаму Пуцін трэці раз заявіў пра выхад з Сірыі?

Поле цудаў Лукашэнкі

Нямецкі палітолаг: «Стратэгія пацяплення не прынясе ніякіх вынікаў»

100 гадоў КДБ. Апошні бастыён чэкістаў

Стужка навінаў