Падчас ланцугоў салідарнасці па ўсёй Беларусі затрымалі больш за 360 чалавек


Праваабаронцы падлічылі, колькі ўсяго было затрымана чалавек падчас акцыяў салідарнасці 18-21 чэрвеня. Затрыманні прайшлі ў 19 гарадах краіны.

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», на акцыях, перад імі і пасля іх, якія праходзілі з 18 па 21 чэрвеня, агулам было затрымана больш за 360 чалавек.

Затрыманні прайшлі ў 19 гарадах краіны. Гэта Менск (больш за 260 чалавек), Гомель (13), Бабруйск (12), Наваполацк (10), Ганцавічы (10), Барысаў (10), Навагрудак (9), Віцебск (7), Магілёў (6 ці болей), Брэст (6), Рэчыца (3), Ваўкавыск (3), Маладзечна (3), Салігорск (2), Гродна (2), Орша (2), Светлагорск (1), Ліда (1), Слуцк (мінімум 1). Акрамя таго, у Слоніме удзельнікаў акцыі выклікалі ў міліцыю пазней для складання пратаколаў. Таксама вядома, што ў Менску як мінімум 15 чалавек, якія былі затрыманы ў пятніцу і адпушчаны без пратаколаў, выклікаюць у РУУС Ленінскага раёна для складання гэтых самых пратаколаў. Тых, хто быў адпушчаны з пратаколамі, наперадзе чакаюць суды.

Больш за 100 судоў над часткай затрыманых на акцыях прайшлі 22 і 23 чэрвеня. Паводле «Вясны», 9 чалавек атрымалі агулам 105 сутак арышту і як мінімум 78 чалавек атрымалі штрафы памерам каля 50500 рублёў.

З пачатку выбарчай кампаніі 112 чалавек атрымалі агулам 1583 сутак арышту па адміністратыўных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 205 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам больш за 167000 рублёў. Праваабаронцам вядома як мінімум пра 650 выпадкаў адвольных затрыманняў, якія адбыліся ў перыяд з 6 траўня па 23 чэрвеня.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў