Пад Віцебскам адноўлены рух цягнікоў на месцы сыходу з рэек цыстэрнаў з газам


МНС паведаміла пра поўную ліквідацыю наступстваў аварыі на ўчастку чыгункі Віцебск – Ворша, дзе з рэек сышлі 15 цыстэрнаў грузавога цягніка.

«А 00:25 27 ліпеня наступствы чыгуначнай аварыі канчаткова ліквідаваныя. Рух цягнікоў адноўлены», – паведаміла прэсавая служба міністэрства.

Аварыя каля вёскі Замасточча адбылася ўвечары 24 ліпеня. Падчас сыходу з рэек цыстэрнаў з прапанам было пашкоджана 150 метраў чыгункі.

Агулам у складзе цягніка было 68 вагонаў, у тым ліку 39 цыстэрнаў з газам, 28 пустых паўвагонаў і адзін вагон з дрэвам.

Пры аварыі ніхто не пацярпеў.

Ратаўнікі, якія прыбылі на месцы, распачалі праверку магчымай уцечкі прапану – і выявілі яе ў адной з цыстэрнаў.

Вакол месца ўцечкі была ўтвораная адмысловая пенная падушка, якую пастаянна аднаўлялі. Фота – mchs.gov.by

53 вагоны грузавога складу адцягнулі на бяспечную адлегласць, а людзей з бліжэйшых дачных пасёлкаў эвакуявалі – агулам 64 чалавек.

Увечары 25 ліпеня ратаўнікі цалкам адпампавалі прапан з аварыйнай цыстэрны і распачалі пад’ём і ўстаноўку на колы цыстэрнаў, якія сышлі з рэек.

Прычына здарэння дагэтуль невядомая. Цяпер на месцы працуюць следчыя. Для расследавання прычынаў аварыі ўтварылі спецыяльную камісію.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў