Прэзідэнт Узбекістану Шаўкат Мірзіёеў 31 ліпеня падчас нефармальнай сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам падарыў яму ягоную ж статую ў хакейнай форме. На хакейнай форме ёсць надпіс «A. Lukashenko» і нумар «01», з якім гуляе кіраўнік Беларусі.
У сэрцы статуі змешчаныя выява малодшага сына Лукашэнкі ды сімвалы Беларусі.
«Дзякуй вялікі», – адзначыў шчаслівы ўладальнік статуі сябе самога.
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка прэзентаваў свайму ўзбекскаму калегу пано «Беларус» і беларускую вышыванку, а яго малодшы сын Мікалай уручыў статуэтку зубра, паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.
1 жніўня Лукашэнка і Мірзіёеў правялі афіцыйныя перамовы. Як сказаў кіраўнік Беларусі, за два гады краіны «цалкам перавярнулі» свае адносіны і нават стварылі іх наноў. Разам з тым ён падкрэсліў, што тавараабарот паміж краінамі (амаль $160 млн за 2018 год) не адпавядае іх патэнцыялу.
Адным з важных вынікаў візіту прэзідэнт Узбекістану назваў актывізацыю наўпроставых кантактаў паміж рэгіёнамі. Мірзіёеў асабліва падкрэсліў зацікаўленасць Узбекістану ў кааперацыі з беларускімі прадпрыемствамі.
Лукашэнка прапанаваў рэалізаваць ва Узбекістане маштабны праект з удзелам МАЗу з высокай ступенню лакалізацыі па стварэнні комплексу для выпуску грузавой, спецыяльнай і прычапной тэхнікі, аўтобусаў на газаматорным паліве.
Паводле яго, прынцыпова важным ёсць пытанне эфектыўнай рэалізацыі беларуска-ўзбекскіх праектаў, бо пакуль не атрымалася ўвасобіць у жыццё ўсе ранейшыя прапановы.
Напрыклад, летась у Ташкенце адкрылі завод дарожна-будаўнічай тэхнікі «Амкадор-Агратэхмаш», але ў прадпрыемства выявіліся праблемы з рэалізацыяй прадукцыі і ўключэннем яе ў праграмы дзяржаўнага падтрымання.
З улікам вытворчасці трактароў МТЗ на Ташкенцкім заводзе сельскагаспадарчай тэхнікі Менск прапануе распрацаваць доўгатэрміновую праграму супрацы і стварыць сумеснае прадпрыемства. З гэтай нагоды Лукашэнка папрасіў вылучыць зямельны ўчастак для арганізацыі сэрвіснага цэнтру для трактароў.
Ёсць пытанне і з сертыфікацыяй беларускіх шасі ад Менскага аўтамабільнага заводу, які супрацоўнічае з дзвюма ўзбекскімі кампаніямі.
МГ belsat.eu