«Пачынаю ўжо размаўляць з кветкамі». Як жывецца ў аднапакаёвай ізаляцыі


Вольга Галецка мусіць два тыдні сядзець у сваім пакоі, іначай – штраф, да $ 7300 у эквіваленце. Belsat.eu паразмаўляў пра часовае і добраахвотнае абмежаванне свабоды праз пандэмію каронавіруса.

Знаёмцеся, нашая каляжанка Вольга Галецка. Полька з Любліна, працуе ў інфармацыйнай рэдакцыі «Белсату». З нуля вывучыла беларускую мову ва ўніверсітэтах Любліна і Варшавы. Чатыры гады жыла ў Горадні. Цяпер у Варшаве сядзіць ужо на другім каранціне з нагоды COVID-19. З каханым можа размаўляць толькі праз дзверы, а бачыцца толькі праз відэасувязь. Чакае прыезду паліцыі. Усё пасля паездкі ў Аргентыну.

– Воля, як здарылася, што цябе няма на працы пасля замежнай паездкі?

– Усё проста, я мушу сядзець на каранціне дома ў Варшаве пад пагрозай вялізнага штрафу, бо вярнулася з-за мяжы. 12 сакавіка вылецела з Польшчы ў Аргентыну, тады ўсё было спакойна. У Польшчы толькі пачалі пераводзіць школы на дыстанцыйнае навучанне, і мы на працы жартавалі, ці паспею я вылецець. Але тады ніхто не думаў, што я не змагу вярнуцца запланаваным рэйсам. Падчас перасадкі ў Амстэрдаме я даведалася, што Трамп закрывае ЗША для грамадзян краінаў Шэнгену. А потым усё закруцілася…

У аргентынскім каранціне. Фота Вольгі Галецкай

– Чаму ўвогуле Аргентына? Гэта ж так далёка.

– Мая сястра Габрыела – сацыёлаг і лацінаамерыканістка, паляцела на даследаванні ў Парагвай праз Аргентыну, і яна прапанавала далучыцца, правесці экскурсію па Буэнас-Айрэсе, пабачыць свет. Звычайная вандроўка. Але ў выніку я Аргентыны амаль не бачыла, а сястра засталася ў Буэнас-Айрэсе, бо Парагвай закрыў межы…

Пусты Буэнас-Айрэс. Фота Вольгі Галецкай

Усё адбылося вельмі раптоўна. Пасля нашага прыбыцця Аргентына адмяніла ўсе палёты ў Еўропу і ўвяла каранцін для замежнікаў. Амбасадар Польшчы праз тэлефон патлумачыў, што пакуль нам нельга наведваць футбольных матчаў ці музеяў, ніякіх людных месцаў. Але пазней каранцін узмацнілі, і нам з Габі давялося сядзець увесь час у аргентынскай кватэры бязвылазна. Адзінае, што ратавала – гэта патыа, унутраны дворык, дзе можна было пасядзець, нібы і не ў хаце. Гэта быў першы каранцін, аргентынскі.

У аргентынскім каранціне. Фота Вольгі Галецкай

У Буэнас-Айрэсе я даведалася, што Польшча адмяняе ўсе авіяпералёты. Я правярала рэйсы, каб адразу вярнуцца дадому, але былі толькі з мноствам перасадак – праз ЗША, Мадрыд ці нават праз Рым, больш за 30 гадзінаў палёту. Быў выбар – або вярнуцца запланаваным рэйсам назад праз Бразілію ў Амстэрдам, або пачакаць «Палёт дадому». «Lot do domu» – гэта арганізаваныя ўрадам чартарныя авіярэйсы для палякаў, што засталіся за мяжой. З усёй Паўднёвай Амерыкі «Палёт дадому» арганізавалі з Бразіліі.

У дзень, калі я мусіла была вылятаць, Аргенцінскія авіялініі адмянілі ўсе рэйсы ў Бразілію. Урад у Буэнас-Айрэсе закрыў і наземную мяжу. Таму я не трапіла ні туды, ні сюды.

Калі я паехала ў аэрапорт шукаць хоць якія квіткі на месцы, то адразу ўзяла ўсе рэчы. Мне пашанцавала – быў «Палёт дадому» для нямецкіх грамадзянаў у Франкфурт. І там было 20 вольных месцаў. З дапамогай польскай амбасады я змагла трапіць на борт. Хачу дадаць, што нашыя дыпламаты вельмі нам дапамагалі, пастаянна тэлефанавалі ды пыталіся, як я сябе адчуваю і ці нічога не змянілася, дасылалі паведамленні пра сітуацыю ва ўсёй Паўднёвай Амерыцы, працавалі дзень і ноч.

На вуліцах Буэнас-Айрэса. Фота Вольгі Галецкай

– Ты адчувала напружанне ці страх сярод пасажыраў?

– Самалёт да Франкфурту быў поўны, але масак амаль ніхто не меў. Немцы радаваліся, што ляцяць дадому, знаёміліся між сабой, абмяркоўвалі сітуацыю. Сцюарды і сцюардэсы хадзілі без масак. Усе былі вельмі мілыя. Хтосьці мог, як звычайна, кашлянуць ці чмыхнуць, але ніхто асабліва гэтым не пераймаўся. Але ў Нямеччыне на вакзалах было бязлюдна, як і ў цягніках, – я была ледзь не адна ў вагоне.

– Польшча закрыла і чыгуначнае спалучэнне для пасажыраў, так?

– Так, таму нямецка-польскую мяжу я пераходзіла пешкі, у Згажэльцы. Чэргаў для пешаходаў не было, толькі для аўтамабіляў. Там стаяў вайсковы тэнт, побач афіцэр-памежнік у масцы і чалавек у строі біялагічнай абароны, які памераў мне тэмпературу. Я запоўніла дакумент са сваімі кантактамі, падпісалася, што мушу адбыць дома двухтыднёвы каранцін, і пешкі пайшла на цягнікі да Варшавы.

Hавiны
«Есці, спаць і працаваць». Беларусы Швецыі – пра самы дзіўны каранцін у Еўропе
2020.03.27 21:13

– Цябе пыталі пра маршрут прылёту?

– Не, сказалі пазначыць толькі краіну ўезду – Нямеччыну, хоць я распавяла пра Аргентыну. Атрымліваецца, калі б я прыехала з Італіі ці з Кітаю, ніхто б пра гэта не ведаў…

Цяпер я дома, са сваім хлопцам. Але мы не можам бачыцца. У нас дастаткова пакояў, і калі няма кантакту, гэта не парушае правілаў. Ён мог бы далучыцца да мяне, і мы б жылі ў поўнай ізаляцыі разам, але хтосьці мусіць выгульваць сабаку.

Каранцін у Варшаве. Фота Вольгі Галецкай

– Як жывецца ў аднапакаёвай ізаляцыі?

– Ніхто не можа да мяне прыйсці ў госці ці жыць са мной у адным памяшканні. Са свайго пакою я магу выйсці толькі ў лазенку і прыбіральню. Потым усё апырскваю сродкам для дэзынфекцыі. Мой хлопец прыносіць мне ежу пад дзверы. Ён выходзіць з хаты выгульваць сабаку. А я выходжу на балкон. І ў мяне ёсць расліны. Я ўжо пачынаю з імі размаўляць.

Мне не выдалі ніякай памяткі, што рабіць на каранціне. Толькі сказалі пра адмысловую аплікацыю на мабільным тэлефоне для такіх жа каранціннікаў, каб паводле запыту дасылаць сэлфі з геаграфічнымі каардынатамі. Але яна ў мяне не працуе, не магу зарэгістравацца, бо маіх кантактаў няма ў базе. У тэхпадтрымцы кажуць, каб я не пераймалася, бо праграма глючыць шмат у каго. Цяпер я чакаю, што прыедзе паліцыя з праверкай: ці я дома, ці не захварэла. Такім чынам паліцыянты не толькі спраўджваюць, ці чалавек выконвае ўмовы каранціну, – яны могуць і выратаваць жыццё, калі хтосьці сапраўды ляжыць з высокай тэмпературай і не можа дыхаць праз каронавірус.

Працоўнае месца на час каранціну. Фота Вольгі Галецкай

– А калі парушыш умовы каранціну і выйдзеш на вуліцу? Ці тэрмінова трэба ў краму, у паліклініку? Што будзе, калі паліцыя цябе не знойдзе?

– Спачатку штраф за парушэнне каранціну быў 5000 злотых, а цяпер – 30 000 злотых (каля $ 7300). Але тут самае важнае – здароўе людзей. Я доўга ехала праз Нямеччыну, дзе шмат інфікаваных, і я разумею, што магла з сабою прывезці сюрпрыз, нават калі не маю прыкметаў COVID-19. Каранцін лічыцца са дня, калі я перакрочыла мяжу. Буду сядзець тут да 7 красавіка.

– Хтосьці з сяброў, калегаў ці блізкіх цябе папракае, што ты трапіла ў такую сітуацыю?

– Не, ніхто такога не кажа. Хоць я і бачыла ў сацыяльных сетках розныя выказванні адносна вандроўнікаў… Але, калі мы яшчэ планавалі паездку ў снежні, дый калі збіраліся на самалёт, ніхто не чакаў, што ўсё гэтак хутка зменіцца, што Польшча ды іншыя краіны свету закрыюць межы і адменяць пералёты. Усім здавалася, што гэта вельмі далёка. Цяпер усе могуць быць супермудрымі заднім чыслом і пытацца ў мяне: «Чаго ты туды паперлася?» Але перад вылетам у Аргентыну ніводны чалавек мяне не спытаў, ці я не хвалююся ў сувязі з каронавірусам.

– Галоўнае, што ты дома, жывая і здаровая. Як цяпер пачуваешся?

– Я пачуваюся добра, ані кашлю, ані тэмпературы, толькі стамілася ад дарогі. Працую з дому, але вельмі сумую па рэдакцыі, па жывых стасунках. Мы жартуем, што крыўдна будзе аказацца суперздаровай пасля каранціну. Але лепш так, чым выйсці да людзей, а потым аказацца разносчыцай каронавіруса.

Hавiны
«Каранцін – магчымасць разабрацца ў сабе». Парады псіхолагаў на час самаізаляцыі
2020.03.25 12:59

Размаўляў Яраслаў Сцешык belsat.eu

Стужка навінаў