Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду, падчас якой разглядалася сітуацыя ў дражджавой галіне. Кіраўнік краіны распавёў пра некаторыя патрабаванні інвестараў, паведамляе прэсавая служба кіраўніка краіны.
На пачатку нарады Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падставаю для паседжання сталі нюансы і «ўсякага роду цемра і канспіралогія».
«Сёння немцы нібыта патрабуюць, каб мы зачынілі ўсе нашы вытворчасці дражджавой галіны і пакінулі адно прадпрыемства для працы на беларускім рынку. Прыкладна такое патрабаванне. І нібыта яно заснавана на тым, што мы абяцалі гэта зрабіць да таго, як быў пабудаваны ў Слуцку новы дражджавы завод. І мяне таксама ў гэтым пераконвалі ўрадоўцы, прэм’ер-міністр, што мы абяцалі, і калі мы гэта не зробім, то заўтра пачнецца вайна з Германіяй, якая можа перарасці ў трэцюю сусветную», – растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Цягам некалькіх гадоў у дражджавы завод у Слуцку было ўкладзена каля 37 мільёнаў еўраў, у тым ліку 10 мільёнаў еўраў інвестыцыяў з Нямеччыны. Акрамя таго, у краіне працуюць дражджавы камбінат у Менску і яго філіял у Ашмянах. Яны могуць штогод вырабляць 15,1 тысячаў тон прадукцыі. Ёмістасць ж беларускага рынку прэсаваных дрожджаў складае 7,7 тысячаў тон.
Але кіраўнік краіны лічыць, што яшчэ ёсць магчымасці для росту. Акрамя традыцыйнага хлебапячэння дрожджы могуць прымяняцца і ў медыцыне, і ў жывёлагадоўлі, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
СК belsat.eu