«Пачалася вайна, але не з людзьмі, а з вірусам». Францыя ўводзіць напалову вайсковы стан

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон у тэлевізійным звароце абвесціў пра абмежаванні на перамяшчэнне па краіне прынамсі на 15 дзён. Belsat.eu паразмаўляў з беларускай, якая два гады жыве на французска-італьянскім памежжы. Суразмоўца «Белсату» тлумачыць, чаму ўлады Францыі былі вымушаныя пайсці на радыкальныя крокі.

З сёння ў Францыі ўступае ў моц закон, які абмяжоўвае перасоўванне па краіне. На каранцін па ўсёй краіне ўлады пайшлі пасля таго, як французы не пачулі закліку знізіць сацыяльную актыўнасць, адзначае Паліна Прысмакова, прафесарка дзяржаўнага кіравання. Яна з сям’ёю жыве ў французскім горадзе Мэнтон, акурат на самай мяжы з Італіяй.

Паліцыя спраўджвае дакументы ў мінакоў. Каб выйсці з дому, цяпер трэба мець не толькі абгрунтаванне, але і спецыяльны дакумент. Фота: ACAU / BACKGRID / Backgrid UK / Forum

«Учора была прамова прэзідэнта Францыі, які шэсць разоў, калі не больш, сказаў, што краіна цяпер на ваенным становішчы, што пачалася вайна, але не з людзьмі, а з вірусам. І таму прымаюцца больш жорсткія захады. Пятнічную прамову ніхто не паслухаў, калі Макрон папрасіў нікуды не хадзіць і сядзець удома. Было добрае надворʼе і ўсе ў выходныя пайшлі гуляць у паркі, сустракацца з сябрамі і знаёмымі, у рэстараны. Таму цяпер маем больш суворыя захады. Таксама [прэзідэнт. – Заўвага belsat.eu] пачаў уцягваць у гэта вайскоўцаў, і цяпер пасля 12:00 забаронена выходзіць на вуліцу без істотных прычынаў. Можна схадзіць па ежу, ёсць адмысловы фармуляр, які трэба запаўняць – куды і навошта ты ідзеш», – кажа Паліна.

«Адчуванне, што перад намі замыкаюцца дзверы». Беларусы заселі ў Малайзіі

Каб выйсці з дому, цяпер трэба мець не толькі абгрунтаванне, але і спецыяльны дакумент. Адмысловую форму можна загрузіць з сайту паліцыі, раздрукаваць і запоўніць. Калі няма прынтара, можна напісаць і ад рукі.

У Парыжы, як і паўсюль у Францыі закрытыя гатэлі, рэстараны і большасць крамаў. Фота: ACAU / BACKGRID / Backgrid UK / Forum

«Учора мы ўжо бачылі, як у мясцовым гатэлі «зачэкіньваліся» вайскоўцы. То бок узброеныя сілы прыехалі ў горад і іх ужо бачна. Не так, як у Парыжы, але тым не менш», – дзеліцца ўражаннямі апошніх дзён дзяўчына.

Больш за 6 тысяч заражэнняў

У Францыі сітуацыя не такая крытычная, як у суседняй Італіі. Аднак лік хворых на каронавірусную інфекцыю ідзе на тысячы. На момант публікацыі ў Францыі на COVID-19 захварэлі 6 573 асобы, памерлі 148 чалавек.

«Усе як заўсёды падзеленыя на два франты. Адныя кажуць, што ўсё гэта лухта і палітычная прыдумка, ніякага вірусу няма і ўсё гэта несурʼёзна, увесь час цытуюць, што ад грыпу памірае больш людзей. А старэйшыя, вядома, больш хвалююцца на гэтую тэму», – распавядае Паліна.

Банкруцтвы і касмічныя выдаткі: каронавірус павольна забівае сусветную эканоміку

«З учора прынамсі тая маленечкая крама, якая ў нас каля хаты, не запускае шмат людзей, то бок чакаюць на дварэ, каб не ствараць натоўпу і не дыхаць паветрам адно аднаго. Палова насельніцтва нашага гораду – гэта італьянцы, і тут ускладняецца сітуацыя, што ў іх палова сваякоў там, палова тут. Вельмі шмат семʼяў, якія жывуць і тут, і там. І цяпер яны будуць вымушаныя пастанаўляць, дзе ім адсядзецца – ці на гэтым баку, ці на тым».

За парушэнне каранцінных абмежаванняў прадугледжаны штраф 38 еўраў. Бліжэйшым часам ён павялічыцца да 135 еўраў.

«Можна чакаць чартару, але невядома, калі ён будзе». Як белсатаўцы вяртаюцца дамоў праз каранцін па ўсім свеце

Кірыл Смяглікаў belsat.eu

Hавiны