«Оскар» мяняе правілы: могуць намінавацца фільмы, якія не паказваліся ў кінатэатрах


Правілы змененыя з-за пандэміі каронавірусу.

На «Оскар-2021» здолеюць прэтэндаваць і тыя стужкі, якія былі паказаныя онлайн, напрыклад, праз стрымінгавыя сэрвісы. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце найбольш прэстыжнай кінапрэміі ў свеце.

Правілы былі змененыя з-за пандэміі каронавірусу. Ад 16 сакавіка ў Лос-Анджэлесе закрытыя кінатэатры, прэм’еры фільмаў перанесеныя на нявызначаны тэрмін. Таму сёлета немагчыма ацэньваць фільмы ў звычайным фармаце. Раней да намінацыі на прэмію дапускаліся толькі фільмы, якія паказваліся ў кінатэатрах на працягу мінімум тыдня.

Фота: pixabay.com

«Акадэмія [Амерыканская Акадэмія кінематаграфічных мастацтваў, арганізатары прэміі. – Belsat.eu] шчыра верыць, што няма лепшага спосабу адчуць магію фільмаў, чым пабачыць іх у кінатэатры. Наша вера ў гэта па-ранейшаму не змянілася і не пахіснулася. Тым не менш, пандэмія COVID-19 змушае нас зрабіць гэтыя часовыя змены нашых правілаў», – паведамляюць прэзідэнт Акадэміі Дэвід Рубін і выканаўчы дырэктар прэміі Доўн Гадсан.

Гэта не адзіныя змены 93-ай прэміі Амерыканскай кінаакадэміі. Раней дзве розныя катэгорыя «Лепшы мантаж гуку» і «Лепшае звядзенне гуку» былі аб’яднаныя ў адну. З поўным спісам правілаў «Оскара-2021» можна азнаёміцца тут.

93-ая прэмія «Оскар» адбудзецца 28 лютага 2021 года.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў