Нямецкі паліцэйскі гарнізон, беларусы-паліцыянты. За гэтыя фота ў пасляваенны час «свяціў» лагер


Унікальная калекцыя фотаздымкаў пра жыццё Любчы ў 1930-1940–х гадах у матэрыяле Belsat.eu.

«Трыкатажны курс» у в. Лаўрышава, 1937 год. Дзяўчына з усмешкай прэзентуе вырабы курсістак

Некалькі стопак чорных шкляных пласцінак, акуратна раскладзеных па кардонных скрыначках даваеннай польскай вытворчасці – так выглядае скампрэсаваны фотаархіў невялічкага мястэчка на беразе Нёмна. Любча больш вядомая сваім замкам, а вось пра штодзённасць сённяшняга гарадскога пасёлку ў першай палове ХХ ст. вядома не багата…

Калі паднесці такі негатыў да вакна – будуць бачныя чорныя твары людзей, чорныя будынкі ды чорнае неба. Але калі негатыў сфатаграфаваць ды пасля змяніць у «Photoshop» чорнае на белае, а белае на чорнае – атрымаецца цудоўная фотагісторыя: тут і будаўніцтва мясцовай школы, і праваслаўны хросны ход, і моладзь з таварыства «Чырвонага крыжа», і пажарныя вучэнні.

«Кола моладзі Чырвонага Крыжа» – структура, якая паўсюдна стваралася ў ІІ Рэчы Паспалітай

Асобная катэгорыя здымкаў – жыццё любчанскага паліцэйскага гарнізону ў гады ІІ Сусветнай вайны. На адных здымках немцы пазуюць побач з коньмі, на іншых едуць на санях або хутаюцца ў кажухі падчас суворых беларускіх зімаў.

Ёсць нават некалькі кадраў з беларускімі паліцыянтамі, узброенымі наганамі, ППШ (пісталет-кулямёт Шпагіна) ды ручнымі гранатамі: уладальніку такога архіву паўстагоддзі таму мог свяціць немалы турэмны тэрмін.

Паліцыя, набраная з мясцовых жыхароў. Граната за поясам, наган ды ППШ у руках

Імя і лёс фатографа, на жаль, застаюцца невядомымі. Зрэшты, калі ўлічыць, што здымкі абрываюцца 1944 годам – можна меркаваць, што лёс ягоны склаўся трагічна: у лепшым выпадку эміграцыя, у горшым – арышт або смерць.

Фотапласцінкі зараз знаходзяцца ў прыватнай калекцыі. Сённяшні ўласнік, які вырашыў не называць свайго імя, мае намер з часам выдаць калекцыю ў выглядзе кніжкі або набору паштовак.

«Кола моладзі Чырвонага Крыжа» частуе дзяцей прысмакамі

Імаверна – будаўніцтва школы. Дах і сцены ёсць, засталася ўнутраная аздабленне

Мясцовыя дзяўчаты ў нацыянальных строях. Рукі дзяўчат па баках складзены нібы ў народным танцы

Гімнастыка з панарамным краявідам на Любчу. На заднім плане – праваслаўная царква св. Уладзіміра

Добраахвотная пажарная каманда на вучэннях. Імітацыя тушэння палаючай адрыны

Святочная праваслаўная дэманстрацыя з крыжамі ды харугвамі. На тле – невядомы драўляны храм

Сядзіба засцянковага шляхціча або настаўніка нібы сышла са старонак «Пана Тадэвуша»

Школьнікі ў касцюмах рыхтуюць пастанову. Выразна бачныя святочныя вышыванкі ў большасці хлопцаў

Хлопцы ля школы майструюць чоўны. Нічога дзіўнага – Нёман побач

Здымак з кароткага перыяду савецкага панавання ў 1939-1941-м. Пасярэдзіне – шараговец Чырвонай Арміі, партрэт вылучаны, магчыма для фота на дакументы або для надмагільнага медальёну

Супрацоўнікі нямецкай паліцыі на возе, побач – «вясковы актыў»

Нямецкі паліцыянт у кажуху. Кідаюцца ў вочы вялізныя цёплыя рукавіцы – зіма ў гэтых мясцінах больш суворая, чым у Заходняй Еўропе

Паліцыянты побач з коньмі – найлепшым мабільным сродкам у справе барацьбы з партызанамі

Імаверна, кіраўніцтва мясцовага паліцэйскага гарнізону: беларус у папасе ды нямецкі афіцэр

АК, belsat.eu

Стужка навінаў