«Ну, які ён Лукашэнка?!» У Горадні прайшлі пікеты за альтэрнатыўных кандыдатаў


Каля 1000 чалавек сабраліся ў Горадні 31 траўня, каб паставіць подпісы за апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. На Савецкай плошчы адбыліся пікеты за Святлану Ціханоўску, Алеся Таболіча ды Вольгу Кавалькову.

Падчас збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у Горадні.
Фота: Белсат

Ужо а 12-ай гадзіне дня пашыхтавалася вялізная чарга ў некалькі сотняў чалавек да намёту Святланы Ціханоўскай. Неўзабаве разгарнуліся яшчэ два выбарчыя пікеты: намёт за прадстаўніцу Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольгу Кавалькову, а таксама пункт збору подпісаў за музыку Алеся Таболіча.

Падчас збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у Горадні.
Фота: Белсат

«За Ціханоўскіх, бо кажуць праўду!»

Ахвочыя падпісацца за Святлану Ціханоўскую ў Горадні стаяць у чэргах ужо каторы дзень. Пасля правакацыі, што адбыліся ў пятніцу, людзей не паменела.

«Колькі можна баяцца? – кажа мужчына сярэдніх гадоў, які прыйшоў з жонкай. – Страх разбурае чалавека. Можа ён ужо і не зусім чалавек, калі баіцца ўвесь час. Што гэта за жыццё? Мы за Ціханоўскіх, бо яны ясна «без вады» кажуць праўду. Кажуць тое, што іншыя не кажуць».

На пытанне, ці варта ісці на выбары, мужчына адказвае няўцямна, маўляў, пакуль нічога не вядома наконт лёсу Сяргея Ціханоўскага, якога затрымалі на пікеце ў Горадні ў пятніцу. Не вядома таксама, ці зарэгіструюць Святлану. Трэба чакаць навінаў, каб нешта планаваць, а пакуль – выходзіць і выказваць сваю пазіцыю.

Падчас збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у Горадні.
Фота: Белсат

«Ну які ён Лукашэнка?!»

Шмат моладзі. Некаторыя юнакі здымаюць кеды ды падымаюць над галовамі, калі натоўп гукае лозунгі. Крычаць найперш: «Свабоду!» Аўтамабілі з вуліцы сігналяць мітынгоўцам, тыя адказваюць воплескамі. Вітаюцца між сабою людзі словамі «Стоп таракан!».

Вітанне «Стоп таракан!» ужо стала традыцыяй.
Фота: Белсат
Кеды замест тапкаў – варыянт моладзі.
Фота: Белсат

Правакатары ёсць, але не ў той колькасці, як на пікеце з Ціханоўскім у пятніцу. Напрыклад, коратка стрыжаны мужчына ў масцы пачынае агітаваць за Расею, крычыць, але яго выводзяць у бок пад крыкі:

«Дык едзь у сваю Расею! Нам тое не трэба!»

Мужчыну, які спрабаваў агітаваць за Расею, хутка выціснулі ў бок.
Фота: Белсат

У жанчыны сталага веку запытваемся, ці не лічыць яна Ціханоўскага падобным да маладога Лукашэнкі, ці можна казаць «Хто заўгодна, абы не Лукашэнка». Суразмоўца абураная пытаннем.

«Як можна так параўноўваць? Ну які ён Лукашэнка?! Так правакатары кажуць, а не нармальныя людзі… Ён малады, жонка ў яго прыгожая, добрая. Хто за Лукашэнку, то хай за Лукашэнку галасуе, а мы таго наеліся – хопіць!», – абураецца жанчына.

На мінулых выбарах, як прызнаецца жанчына, яна не хадзіла галасаваць, а ў 1994-м аддала голас на карысць Станіслава Шушкевіча.

Падчас збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у Горадні.
Фота: Белсат

А вось меркаванне маладога чалавека нефармальнага выгляду з ланцугамі на вопратцы ды ў камуфляваных нагавіцах:

«Мы прыйшлі, бо трэба нешта змяняць. Не залежыць гэта ад перадвыбарчай праграмы, наўпрост трэба нешта рабіць. Праграма трэба, так, каб дайшло да народу: нават да тых, хто баіцца. Паглядзі з праграмай. Біяграфіі Святланы Ціханоўскай, шчыра, не ведаю. Але яна, як па мне, дакладна не «хто заўгодна». З таго, што яна і яе муж робяць, гэта ўжо бачна».

Таболіч: «Любыя правакацыі – гэта дрэнна»

Падыходзім да пікету Алеся Таболіча. Сам музыка і тату-майстар таксама прыехаў у Горадню, а подпісы за яго збіраў музыка Аляксандр Памідораў. Таболіч кажа, што прыехаў не для таго, каб некага падтрымліваць, але адмыслова, каб збіраць подпісы за сябе.

Аляксандр Памідораў перапісвае прыхільнікаў Таболіча.
Фота: Белсат

«Пра сітуацыю з Ціханоўскім ведаю. Любыя правакацыі – гэта дрэнна, так не павінна быць, – лічыць Таболіч, – Разам з тым, сам я ні за каго пакуль подпісы не ставіў, прыглядаюся да кандыдатаў. А Горадню вельмі люблю – гэта андэграўндны горад з мноствам цудоўных людзей. Самі бачыце, якая тут атмасфера».

Падчас збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у Горадні.
Фота: Белсат

З Таболічам людзі фатаграфуюцца і таксама шыхтуюцца ў чаргу з пашпартамі. Некаторыя ж, відаць, не абазнаныя наконт асобы кандыдата, адно фыркаюць: «Не патрэбны нам яшчэ адзін Аляксандр Рыгоравіч!»

Абноўлена
«Раней чэргі стаялі па ежу, а цяпер – па свабоду». СТРЫМ «Белсату» з Менску і Берасця
2020.05.31 10:30

АК, belsat.eu, фота аўтара

Стужка навінаў