Новую лінію менскага метро збіраліся адкрыць да 3 ліпеня, але гэтага можа не адбыцца

Мэр Менску Анатоль Сівак не ўпэўнены, што трэцюю лінію метро ўвядуць у эксплуатацыю да 3 ліпеня, працэс можа зацягнуцца, піша газета «Звязда».

Старшыня Менгарвыканкаму адзначае, што будаўніча-мантажныя работы да 3 ліпеня завершаць. Але няма ўпэўненасці, што да гэтага часу паспеюць абкатаць новыя рашэнні, якія прымяняюцца на трэцяй лініі.

«На пероне ўсталёўваюцца дзверы, якія павінны быць сінхранізаваныя з дзвярыма рухомага саставу. Другое новаўвядзенне – новы рухомы састаў, хоць ён сертыфікаваны і абкатваецца, але гэта новы састаў. Далей – спецыяльная сістэма кіравання, корпус якой будуецца з боку вуліцы Ленінградскай. Гэта ўсё патрабуе ўзмоцненай абкаткі і наладкі», – распавёў Сівак.

Тэарэтычна паспець можна, але гарантаваць гэта складана, дадаў мэр Менску.

У сталіцы будуецца трэцяя галіна метрапалітэну. У першую чаргу, да 3 ліпеня збіраліся адкрыць чатыры станцыі: «Вакзальная», «Кавальская Слабада», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча».

КА belsat.eu

Hавiны