У Магілёўскай вобласці пакуль што чатыры пацверджаныя выпадкі заражэння каронавірусам: па адным – у Кіраўску, Бабруйску, Крычаве і Магілёве, два з іх – сярод лекараў.
Ці ёсць каронавірус у горадзе, нам распавёў Аляксей (імя змененае на жаданне героя) – працаўнік Магілёўскай хуткай медычнай дапамогі, які штодзень выязджае па выкліках.
«COVID-19 у Магілёве ёсць, і медыкам хуткай дапамогі гэта стала вядома раней за афіцыйныя звесткі Міністэрства здароўя, бо павялічылася колькасць хворых з пнеўманіяй і ВРВІ. Тэсты на COVID-19 бралі і цяпер бяруць толькі ў тых, хто быў за мяжой, меў кантакт або перабывае ў цяжкім стане. Астатнім ставяць ВРВІ або пнеўманію невядомай формы. Вынікаў тэстаў людзям не кажуць. Гавораць, калі што, мы з вамі звяжамся… Адразу было зразумела, што хворых больш, чым у мінулыя гады», – кажа Аляксей.
Паводле працаўніка хуткай спачатку ў Магілёве ўсіх з тэмпературай вазілі ў інфекцыйную больніцу, а з пнеўманіяй – у тубдыспансер. Цяпер на выпадак незвычайнай сітуацыі для прыёму людзей з каронавірусам ці з падазрэннем на яго цалкам вызвалілі Магілёўскі шпіталь № 1.
«Закрылі больніцу № 1 на каранцін. Гэта значыць, што там будуць размяшчаць хворых і кантакты 1-га і 2-га ўзроўняў. Зразумела на 100 %, што нічога добрага не будзе», – з сумам апісвае сітуацыю ў Магілёве Аляксей.
2 і 3 красавіка пацыентаў з 14 аддзяленняў Магілёўскага шпіталю № 1 выпісалі ці перавялі ў іншыя ўстановы. Пра гэта кажуць пацыенты, а таксама сведчыць апублікаваны «УКантакце» ў суполцы «Магілёў real» загад начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандра Старавойтава.
«Тых, хто быў пасля аперацыяў, выпісалі на рэабілітацыю дадому. З працягненнем бальнічнага. Зразумела, што калі было б крытычна, то перавялі б у іншую больніцу. Усё зрабілі рэзка, за адзін момант. Паведамілі пра тэрміновыя змены не раніцаю на абыходзе, а раптам у абед», – кажа адна з пацыентак Магілёўскага шпіталю № 1, якая не пажадала называць свайго імя.
«Мяне збянтэжыў той факт, што ўсё вельмі рэзка і хутка адбылося. Нібы набліжаецца нешта вельмі непрыемнае і нядобрае, а мы з-за дэзынфармацыі ні пра што не ведаем і абсалютна да гэтага не гатовыя», – сказала жанчына.
Па сведчаннях Аляксея, каторы дзень запар ля інфекцыйнай больніцы збіраюцца чэргі машын хуткай дапамогі, якія прывозяць людзей з падазрэннем на каронавірус.
«Зараз стала шмат выклікаў з падазрэннем на COVID-19. Пакуль што ў боксах (саркафагах) нікога не вазілі. Такія боксы ёсць, але іх колькасці я не ведаю. Агулам брыгады працуюць з недахопам спецсродкаў, а тыя, што ёсць, не адпавядаюць нормам – цалкам не закрываюць твар. Ахоўны касцюм – адзін на брыгаду, астатнім выдаюць толькі маскі. Прычым кіроўцам наагул не выдаюць ніякіх сродкаў абароны. Калегі карыстаюцца сваімі маскамі. З панядзелка абяцалі выдаць па дзве шматразовыя маскі, каб іх дома пралі і насілі», – кажа Аляксей пра выезды да людзей з падазрэннем на каронавірус. А на простыя выклікі да людзей з тэмпературай, з ягоных словаў, выдаюць 2–3 маскі на змену.
«Ніхто з нас: ні медыкі, ні кіроўцы – не адчувае сябе ў бяспецы. Наадварот, мы разумеем, што перабываем у першай хвалі пацярпелых. Але нічога з гэтым зрабіць немагчыма. Некаторыя кіроўцы і медыкі адмаўляюцца ад выездаў на выклікі з падазрэннем на каронавірус, шмат кіроўцаў проста закрываюць змену нібыта на рамонт машыны».
«Часта сталі выклікаць з надуманых прычынаў, напрыклад: «Запяршыла ў горле, а раптам гэта каронавірус, зрабіце мне тэст!». Яны так кажуць, нібыта ў нас лабараторыя на колах», – абураецца Аляксей.
На думку работніка хуткай дапамогі, каронавірус ёсць і будзе. Сённяшнія захады патрэбныя толькі дзеля таго, каб размазаць пік хворых: «Не думайце, што вас гэта не датычыць, гэта так ці інакш закране кожную сямʼю. Беражыце сябе і асабліва сваіх бацькоў, яны больш за ўсіх – у стане рызыкі, па магчымасці абараніце іх нават ад сябе, ніколі не лічыце, што вы здаровы і не пераносчык».
Вольга Васільева belsat.eu