«Нічога добрага не будзе». Што беларускія айцішнікі думаюць пра інтэграцыю з Расеяй?

Конкурс праграмавання ў прасторы Music Media Dome у Маскве. Кастрычнік 2019, фота Kukhmar / TASS / Forum

Кампанія Andersen правяла свае даследаванне плюсаў і мінусаў ад паглыблення інтэграцыі з Расеяй для беларускай эканомікі. Паводле яго, негатыўныя наступствы пераважаюць. Belsat.eu запытаў у адмыслоўцаў ІТ-сферы, чаго тыя чакаюць у выпадку аб’яднання двух краін.

З даследавання «Andersen» вынікае, што, апроч агульнага ўрону для эканомікі, у выніку інтэграцыі Беларусь згубіць сваю прывабнасць для ІТ-кампаніяў і прынясе вялізарныя страты для Парку высокіх тэхналогіяў. Як мінімум 50 % рэзідэнтаў ПВТ сыдуць у больш прымальныя юрысдыкцыі, што можа пацягнуць за сабою рэзкае падзенне долі ІТ у ВУП Беларусі (сёння яна складае каля 6 %). Апроч таго, імкліва знізіцца плынь замежных інвестыцыяў у гэтым сектары.

На думку дырэктара кампаніі «Cryptcode», рэзідэнта ПВТ Аляксандра Лозбеня, беларускія айцішнікі будуць негатовыя гуляць паводле расейскіх правілаў.

«Глабальна нічога добрага ад аб’яднання з Расеяй не будзе, бо распрацоўнікі і ўсе, хто звязаны з высокімі тэхналогіямі, – людзі свабодалюбівыя і абіраюць больш свабодныя юрысдыкцыі. Калі ў нас гульня будзе змяняцца на расейскія правілы, пачнецца натуральны адток капіталу, як гэта адбываецца цяпер у Расеі.

Асноўныя кірункі – ЗША, Кіпр, там галаўныя офісы шмат якіх кампаніяў. Але сусвет сёння глабальны, і кампанія ўсё адно плоціць падаткі паўсюдна, дзе спампоўваюць яе дадаткі ды карыстаюцца яе паслугамі», – кажа Лозбень.

Аляксандр Лозбень – IT-прадпрымальнік, дырэктар кампаніі «Cryptcode». Ірына Арахоўская / «Белсат»

ІТ- прадпрымальнік таксама адзначае, што інтэграцыя можа выклікаць прыток у Беларусь расейскіх кампаніяў.

«Ужо цяпер шматлікія расейскія распрацоўнікі абіраюць у якасці юрысдыкцыі Беларусь, таму што краіны ўсё ж блізкія па менталітэце, маюць падобныя культурныя адметнасці, але пры гэтым узровень свабоды дзейнасці для ІТ-сферы тут значна вышэйшы», – кажа ён.

Такім чынам, расейскія кампаніі змогуць на пэўны час выцесніць беларускіх канкурэнтаў з рэгіёну, але і для іх у цэлым больш характэрны адток з рэгіёну.

«Справа ў тым, што ўся гэтая ІТ-гісторыя не можа быць зарэгуляваная. Калі пачынаецца рэгуляцыя (з боку дзяржавы – заўв. belsat.eu) – прагрэсіўнаму класу лягчэй за ўсё проста эміграваць, бо яны маюць высокія заробкі. Да таго ж, у свеце ўсцяж назіраецца вялізарны недахоп кадраў, таму з’ехаць – наагул не праблема», – тлумачыць айцішнік.

«Я б хацеў, каб Беларусь захоўвала незалежнасць. Для ІТ лепш гуляць на тым, каб перацягваць да нас офісы расейскіх кампаніяў, але не рабіцца часткай Расеі», – дадае ён.

«Цяпер для прарыву патрэбна шмат грошай». IT-прадпрымальнік Аляксандр Лозбень пра майнінг, выбары і дэкрэт №8

«Расея – не той брэнд, з якім хочацца асацыявацца»

Пра значна лепшыя ўмовы ў Беларусі для ІТ-сферы кажа яшчэ адзін эксперт, аўтар тэлеграм-каналу «Калонка некодэра» Сяргей Лаўрыненка.

«Айцішнікаў цалкам задавальняе асяроддзе, якое склалася цяпер у Беларусі – з Дэкрэтам №8, з ПВТ, з дастаткова лаяльным заканадаўствам і правапрымяненнем. Любыя змены будуць успрынятыя вельмі нервова, гаворка неабавязкова пра інтэграцыю», – мяркуе ён.

Сяргей Лаўрыненка. Фота probusiness.io

Што датычыць магчымых наступстваў ад аб’яднання з Расеяй, адмысловец прыводзіць прыклад:

«На днях у Маскве ў офіс аднаго з самых папулярных веб-сервераў Nginx уварваліся сілавікі з вобшукам, а заснавальніка павезлі на допыт. Усё таму, што кампанія Рамблер, дзе чалавек працаваў 15 гадоў таму і ў вольны час рабіў першы прататып Nginx, заявіла на гэты софт правы. У цывілізаваных краінах падобныя прэтэнзія вырашаюцца праз грамадзянскія пазовы. Для нас самае небяспечнае ў інтэграцыі – тое, што такі стыль вядзення бізнесу з Расеі пяройдзе да нас», – распавядае Лаўрыненка.

Ён пацвярджае інфарфацыю аб тым, што многія кампаніі сёння імкнуцца перанесці бізнес з Расеі і рэгіструюцца ў ПВТ.

«Гэта звязана ў тым ліку з санкцыямі супраць Расеі, а таксама з тым, што ў свеце расейскія дзяржаўныя грошы лічацца «таксічнымі». На жаль, Расея на сенняшні дзень – не той брэнд, з якім хацелася б асацыявацца, хаця там і ёсць шмат класных адмыслоўцаў і стартапаў… Але я вельмі здзіўлюся, калі хтосьці з рэзідэнтаў ПВТ будзе ў захапленні ад ідэі інтэграцыі», – рэзюмуе эксперт.

«Гэтага саюзу не павінна быць». Два дні запар пратэсты супраць інтэграцыі. ВІДЭА

КА belsat.eu

Hавiны