Незалежны прафсаюз дапамог афіцыянту адсудзіць амаль 5 тысячаў рублёў


Незалежны прафсаюз РЭП абараніў у судзе інтарэсы сябры прафсаюзу. Па выніках судовага паседжання, наймальнік абавязаны выплаціць афіцыянту Арцёму Касілаву сярэдні заробак за 19 месяцаў.

Два гады таму Арцём Касілаў скончыў вучэльню і пайшоў працаваць афіцыянтам у адно з гомельскіх кафэ. Там ён адпрацаваў два месяца, за якія, са слоў Арцёма, яму не заплацілі нічога. Хлопцу абяцалі працу ў іншым кафэ і казалі, што ён дагэтуль працаўладкаваны. Праз паўтара гады яму аддалі працоўную кніжку, дзе было напісана, што ён звольнены яшчэ ў жніўні 2016 году. Атрымліваецца, што хлопец мусіў заплаціць яшчэ і вучэльні за тое, што не адпрацаваў размеркаванне.

У судзе Арцём прасіў, каб суд абавязаў наймальніка вярнуць яму грошы і змяніць у працоўнай кніжцы дату звальнення на 10 лютага 2018 году. Пасля некалькіх паседжанняў суд пастанавіў выплаціць хлопцу сярэдні заробак за 19 месяцаў.

Як паведаміў belsat.eu юрыст прафсаюзу Леанід Судаленка, усе патрабаванні суд задаволіў.

«Каб наймальнік паведаміў, што трэба забраць працоўную кніжку, то ён бы выканаў свае абавязкі. У гэтым выпадку чалавеку яе не аддавалі і ён не мог знайсці іншую працу і працаўладкавацца. Гэта лічыцца вымушаным прагулам» – распавёў Леанід Судаленка.

Таксама юрыст зазначыў, што раней яны ўжо дапамагалі ў падобнай справе і тады атрымалася спагнаць з працадаўцы сярэдні заробак за 11 месяцаў на карысць працаўніка.

ГА, belsat.eu паводле praca-by.info

Стужка навінаў