Незалежнасць Беларусі абароніць Устаноўчы сход? «Свежы вецер» прапанаваў план на 2020 год

Грамадская кампанія ў абарону незалежнасці Беларусі «Свежы вецер» прапануе «перазапусціць» беларускую дзяржаўнасць праз Устаноўчы сход і абвясціць «чацвертую рэспубліку». Прадстаўнік кампаніі – палітолаг Андрэй Ягораў – распавёў у інтэрв’ю belsat.eu, як дамагчыся правядзення Устаноўчага сходу і які лёс чакае Аляксандра Лукашэнку пасля гэтага.

Асноўныя тэзісы праекту Устаноўчага сходу былі выкладзены ў звароце, што быў на мінулым тыдні распаўсюджаны за подпісамі прадстаўнікоў «Свежага ветру» Андрэя Ягорава, Сяргея Бульбы (Чыслава) і Міхаіла Янчука. У лісце адзначаецца, што якія б інтэграцыйныя дамоўленасці не падпісалі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 8 снежня, іх яшчэ трэба будзе рэалізаваць, а для гэтага неабходна ўнесці змены ў Канстытуцыю Беларусі. Прэзідэнцкія выбары і рэферэндум па Канстытуцыі ў 2020 годзе могуць сумясціць, што ў выніку прывядзе да страты незалежнасці. Аўтары звароту лічаць, што альтэрнатывай выбараў-2020, якія будуць абавязкова сфальсіфікаваныя, мусіць стаць Устаноўчы сход, «перазапуск» дзяржавы і абвяшчэнне «чацвертай рэспублікі» – свабоднай і дэмакратычнай Беларусі («Свежы вецер» прапануе лічыць, што «першая рэспублікая» існавала ў 1991-1994 гг., другая – у 1994-1996 гг., трэцяя – з 1996 года і па сённяшні дзень). Фактычна гаворка ідзе пра тое, каб прымусіць улады пагадзіцца на абранне новага прадстаўнічага органу (Устаноўчы сход), які б вызначыў шлях палітычнай трансфармацыі дзяржавы і канстытуцыйны лад Беларусі.

Андрэй Ягораў. Фота са старонкі Ягорава ў Facebook

– Андрэй, у сваім звароце кампанія «Свежы вецер» падкрэслівае неабходнасць не дапусціць правядзення ў 2020 годзе прэзідэнцкіх выбараў і рэферэндуму па змене Канстытуцыі (калі ён будзе прызначаны). Фактычна вы кажаце пра зрыў выбараў?

– Так. Гэта неабходная перадумова для Устаноўчага сходу. Мы спачатку мусім падарваць легітымнасць існага рэжыму і паўплываць на змены складу выбарчых камісіяў, ажыццявіць грамадскі кантроль. А ўдзел у гэтых выбарах будзе зноў азначаць падтрыманне дзейнага рэжыму і ягоных дзеянняў.

– Ці рэальна дамагчыся таго, каб людзі не прыйшлі на выбарчыя ўчасткі?

– Нават калі глядзець па гэтых парламенцкіх выбарах, то людзі як раз на галасаванне не пайшлі. Хутчэй за ўсё, у буйных гарадах выбары проста не адбыліся. Людзі разумеюць, што сённяшнія выбары не з’яўляюцца механізмам уплыву на прыняцце рашэнняў у краіне. Удзел у выбарах [апазіцыйных кандыдатаў. – Belsat.eu] быў у гэтым сэнсе гульнёй на баку ўладаў, бо прыцягваў людзей на выбарчыя ўчасткі і ствараў ілюзію, што выбары сапраўды ёсць. Калі гэтага не будзе, значная частка людзей можа быць адцягнутая на бок альтэрнатывы – ініцыятывы правядзення Устаноўчага сходу. Натуральна, без масавага грамадскага падтрымання гэтая ініцыятыва немагчымая. Улады самі па сябе не пойдуць на гэта.

Ілюстратыўнае фота. Жанчыны галасуюць на 30-ым участку па другой акрузе ў Берасці. Фота – «Белсат»

– Сёлета незалежныя назіральнікі казалі пра значнае завышэнне яўкі падчас галасавання. Што па факце зменіць байкот выбараў-2020, калі ўлады ўсё роўна намалююць патрэбную лічбу яўкі?

– Без альтэрнатыўных кандыдатаў улады не змогуць зрабіць карцінку рэальных выбараў. Тут вельмі важна, каб грамадства адчувала выразную альтэрнатыву, важна не гуляць у рэжымныя гульні. Тады мы зможам сапраўды стварыць альтэрнатыўную рэальнасць.

– У якасці альтэрнатывы вы прапаноўваеце правядзенне Устаноўчага сходу. Як гэта зрабіць? І якім будзе механізм стварэння Устаноўчага сходу – праз усенародныя выбары або праз дэлегаванне прадстаўнікоў ад грамадскіх арганізацыяў, партыяў і г.д.?

– Думаю, часткова гэта будзе рабіцца праз агульныя дэмакратычныя выбары, а часткова ва Устаноўчым сходзе мусяць прысутнічаць дэлегаты ад грамадскіх арганізацыяў, навуковых і прафесійных саюзаў і г.д. Але спачатку трэба дамагчыся, каб выбары ва Устаноўчы сход былі празрыстыя і дэмакратычныя. То бок спачатку трэба ўсталяваць кантроль над выбарчымі камісіямі, каб усё праходзіла пад кантролем грамадскасці. Гэтаму мусіць папярэднічаць кансалідацыя людзей і дыялог з уладай пад пагрозай магчымых акцыяў грамадскага непадпарадкавання. Улада таксама мусіць у правядзенні Устаноўчага сходу ўдзельнічаць.

Важны момант: трэба гарантаваць, што людзі, якія абіраюцца ва Устаноўчы сход, далей не пойдуць ва ўладу. То бок яны мусяць стварыць канцэпцыю «чацвертай рэспублікі», новую канстытуцыю, але самі яны не змогуць атрымаць нейкіх палітычных бенефіцыяў.

Андрэй Ягораў: Беларускія ўлады вельмі баяцца рэакцыі грамадства на дамоўленасці аб інтэграцыі

– Дыялог з уладамі мусіць адбывацца пад ціскам масавых акцыяў пратэсту?

– Такая магчымасць і пагроза існуе, але я не разглядаю яе як неабходную ў любым выпадку. Самой пагрозы масавых акцыяў, масавых хваляванняў, што здольныя справакаваць расейскае ўварванне ў Беларусь, можа хапіць. Я спадзяюся, што сітуацыя ў грамадстве будзе такой, калі будзе відавочнай альтэрнатыва, і ўлады пагодзяцца на дыялог для таго, каб краіна проста не рухнула. Тады абыдзецца без масавага вулічнага супраціву, без рэвалюцыі.

Уладзімір Сямашка: Лукашэнка і Пуцін дамовіліся стварыць адзіны парламент і ўрад. Гэта прапісана ў дамове

– За 25 гадоў кіравання Лукашэнка паказаў сябе як палітык, які як раз не ідзе на дыялог і ўсе спрэчкі вырашае сілавымі метадамі. Чаму цяпер ён мусіць пагадзіцца на дыялог? Што змянілася?

– Змянілася некалькі чыннікаў. Па-першае, даволі складаная сітуацыя ў стасунках з Расеяй і існуе пагроза страты ўлады. Прычым пагроза гэта ідзе не ад беларускага народа, а звонку. Таму, каб утрымаць краіну і хаця б часткова сваю ўладу, каб атрымаць гарантыі бяспекі для сябе і сваёй сям’і, Лукашэнку неабходна будзе весці дыялог з грамадствам. Ва ўмовах нарошчвання ціску з боку Расеі сітуацыя будзе патрабаваць кансалідаваных дзеянняў улады і грамадства. Па-другое, сам Лукашэнка мусіць разумець, што існуе пытанне ўзросту – маладзейшым ён не становіцца. Раней ці пазней пытанне транзіту ўлады ўсё роўна трэба вырашаць. Усе гэтыя фактары могуць паўплываць на тое, што дыялог усё ж адбудзецца.

– А як у межах Устаноўчага сходу будзе вырашацца пытанне ўлады? Ці застанецца Лукашэнка?

– Пакуль сказаць цяжка. Падчас дыялогу ўмовы будуць высоўвацца адным і другім бокам, і гэты канфлікт інтарэсаў мусіць вырашацца праз перамовы. Але безумоўна хацелася б, каб Лукашэнка як мінімум сышоў у адмысловую пазіцыю, калі ён больш не ўплывае на прыняцце значных палітычных рашэнняў, але магчыма захоўвае нейкую сімвалічную пасаду з пэўнымі гарантыямі асабістай бяспекі. Гэта нейкім чынам можна зафіксаваць у спецыяльным законе. Ганна Канапацкая ўжо нешта падобнае прапанавала.

Лукашэнка і Пуцін у Санкт-Пецярбурзе. Фота: president.gov.by

– Вы кажаце, што пытанне ўлады вырашыцца праз дыялог бакоў. Але ці мусяць быць для грамадзянскай супольнасці нейкія чырвоныя сцяжкі, за якія заходзіць падчас перамоваў нельга?

– Павінны быць патрабаванні, якія адстойвае дэмакратычная супольнасць. І пытанне пераходу ўлады нельга аддаваць: гэта мусіць быць рэальнае пераўсталяванне, сённяшні кіруючы рэжым мусіць змяніцца. Для мяне важна, каб новы дзяржаўны лад быў дэмакратычным. Але форма рэалізацыі будзе залежыць ад дамоўленасцяў і кампрамісаў бакоў, што будуць весці перамовы.

– На які гістарычны ўзор перазапуску дзяржаўнасці вы арыентуецеся?

– Напрыклад, Французскія рэспублікі пераўсталёўваліся праз такога кшталту камунікацыі. Было некалькі формаў існавання дзяржаўнасці Францыі і кожны раз гэта вызначаў Устаноўчы сход. Гэта такі пазітыўны прэцэдэнт пераходы. Часткова таксама можна апеляваць да пераходу, які ажыццяўляўся пасля смерці Франка ў Іспаніі. Усё гэта можа быць пэўнымі прататыпамі.

Лукашэнка пра змены ў Канстытуцыю: частка функцый прэзідэнта павінна перайсці да іншых галінаў улады

Ігар Ільяш belsat.eu

Hавiны