NEXTA: РНПЦ адмаўляецца праводзіць аналізы на каронавірус

Блогер NEXTA апублікаваў дакумент, у якім галоўны доктар 10-й менскай гарадской паліклінікі паведамляе старшыні камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму пра адмову з боку Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру эпідэміялогіі і мікрабіялогіі правесці аналіз на каронавірус у 24 асобаў першага кантакту.

Паводле дакументу, які апублікаваў у сваім Telegram-канале блогер NEXTA, лабараторыя Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру (РНЦП) эпідэміялогіі і мікрабіялогіі без тлумачэння прычынаў не прыняла на даследаванне паўторныя мазкі вучняў і настаўнікаў менскай школы № 212. У сярэдзіне сакавіка медыкі шпіталізавалі вучня 6-га класу гэтай школы з падазрэннем на COVID-19. Ягоныя аднакласнікі апынуліся на хатнім каранціне.

Праз 13 дзён, медыкі ўзялі паўторныя мазкі ў асобаў, якія з’яўляюцца кантактам першага ўзроўню. Аналізы сабралі ў 24 вучняў і настаўнікаў, але ў РНПЦ іх не прынялі. Прычым лекарам не патлумачылі прычыны адмовы.

Скаргу на дзеянні РНПЦ падпісаў галоўны лекар 10-й менскай гарадской паліклінікі С.І. Цабкала і накіраваў яго старшыні камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму С.С. Малышка.

Раней блогерка Наста Захарэвіч паведаміла «Белсату», што па вяртанні ў Беларусь зрабіла тэст на каронавірус, але ён згубіўся. У выніку блогерку 9 дзён пераконвалі, што тэст адмоўны.

«Згубілі тэст на каронавірус, запэўнівалі, што здаровая». Блогерку Насту Захарэвіч 9 дзён пераконвалі, што тэст адмоўны

Паводле Міністэрства аховы здароўя, па стане на раніцу 27 сакавіка ў Беларусі былі інфікаваныя на каронавірус 94 чалавекі: 32 чалавекі ўжо выздаравелі, яшчэ 62 працягваюць лячэнне.

Каронавірус у Беларусі пусцілі на самацёк

СК belsat.eu

Hавiны