Немаўклівыя пратэсты ў Азербайджане


У Азербайджане рэзкая дэвальвацыя нацыянальнай валюты – маната – прывяла да сацыяльных пратэстаў у рэгіёнах. Людзі выступаюць супраць росту коштаў, паліцыя страляе гумавымі кулямі і газавымі шашкамі.

Не Майдан у сталіцы, а адчай у правінцыі. Наўпрост не звязаныя між сабой пратэсты выбухнулі ў невялікіх азербайджанскіх гарадах праз тыя самыя прычыны: дэвальвацыя і рост коштаў, звальненні і беспрацоўе, затрымкі заробкаў і паўсюдная карупцыя. Першымі на вуліцы выйшлі жыхары прымежных рэгіёнаў і прыфрантавой зоны, дзе жыццё і так цяжкае.

«Мяне пытаюць, хто запрасіў мяне на пратэст. У нашай вёсцы ёсць людзі, у якіх ўдома няма мукі. Кошт на муку вырас, і яны не могуць яе купіць. Улады мусяць спачатку падняць нашыя заробкі, а потым ужо кошты на муку», – распавядае Ахмэд Мусаў, жыхар Фізулі.

Паліцыя жорстка разагнала маніфестантаў. Гэтак у горадзе Сіазань затрымалі 55 чалавек. А дзяржаўныя медыі прадставілі сітуацыю, як пратэсты супраць абмежавання продажу алкаголю і цыгарэт.

«Майму сыну 30 гадоў. 5 гадоў ужо не можа знайсці працы. Слова скажы – цягаюць у паліцыю. Ільхам Аліеў гэтага не бачыць? Усё падаражэла, нават хлеб – кошту не паднялі, але вагу зменшылі напалову», – зазначае мясцовы жыхар з Ліману.

Ільхам Гейдар аглы Аліеў, ужо 12 гадоў як прэзідэнт, кажа, што ва ўсім вінаватыя знешнія сілы, якія абрынулі кошты на нафту. Прыбыткі ад продажы нафты гэта 75% азербайджанскага бюджэту. Астатнія сектары эканомікі раней не развівалі, ну бо навошта?

«Асабіста я не магу звязаць падзенне коштаў на нафту з чыста эканамічнымі фактарамі, бо сусветная эканоміка не перажывае такога спаду, каб кошт на нафту ўпаў у 3–4 разы. На мой погляд, найперш тут сваю ролю сыгралі палітычныя фактары», – мяркуе прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў.

Сёння нафта маркі «Brent», па якой вызначаюць і кошты іншых марак, пабіла чарговы рэкорд – $29 за барэль. Але кіраўніцтва Азербайджану дагэтуль не прадставіла нейкага плану выхаду з крызісу. Затое пракуратура абвінаваціла апазіцыйныя партыі ў арганізацыі пратэстаў. Ідуць арышты актывістаў, хаця насамрэч яны тут не пры чым.

«Да такіх масавых пратэстаў пакуль апазіцыя не заклікае, таму што ў гэтай сітуацыі ўладам гэта будзе на карысць. У гэтай сітуацыі калі хтосьці з апазіцыі выйдзе і будзе выступаць з адкрытымі заклікамі да пратэстаў, яны іх будуць проста арыштоўваць», – тлумачыць незалежны журналіст Мубарыз Рахімлі.

У Баку пакуль ціха, пратэстаў няма, затое каля банкаў стаяць сотні хмурных мужчын. Яны спрабуюць набыць валюту. Каб прыпыніць абвал маната, улады зачынілі абменнікі і ўвялі абмежаванні для банкаў.

«Як бачыце, тут вялікая чарга. Нам выдаюць нумаркі. Трэба гадзіна-дзве, каб памяняць грошы», – абураецца жыхар Баку.

Хутка купіць долары і еўра можна на чорным рынку. Там манат мае свой сапраўдны курс, у 2,6 разы таннейшы за афіцыйны.

Яраслаў Сцешык, Белсат

Стужка навінаў