Нелегальныя мігранты абіраюць шлях праз Беларусь


За апошні тыдзень павялічылася колькасць выпадкаў затрыманняў нелегальных мігрантаў на беларускай мяжы.

Ноччу 3 красавіка на памежнай заставе «Беняконі» спрацавала сігналізацыя. На маніторы ў пакоі дзяжурнага адлюстраваліся дзве постаці, якія рухаліся ў напрамку дзяржаўнай мяжы.

У 70 метрах ад дзяржаўнай мяжы памежнікі затрымалі двух мужчынаў, грамадзянаў Кыргызстану. Раней яны ўжо прыцягваліся за парушэнне памежнага рэжыму.

У дачыненні да іх распачаты адміністрацыйны працэс па артыкулах 23.29 (незаконнае перасячэнне мяжы), 23.30 (парушэнне памежнага рэжыму) КоАП Рэспублікі Беларусь.

Фота: gpk.gov.by

На наступны дзень у гэтым жа раёне быў затрыманы грамадзянін Узбекістану. Ён прыехаў забраць свой аўтамабіль, але пропуску ў пагранічную зону пры сабе не меў. Раней мужчына трапляў у аналагічную сітуацыю, таму яго выслалі з краіны і забаранілі ўезд у Беларусі на 6 месяцаў.

Фота: gpk.gov.by

Незаконна перакрочыць мяжу ў Шчучынскім раёне намагаліся трое грамадзянаў В’етнаму.

Падчас затрымання памежнік быў вымушаны ўжыць зброю. Пацярпелых няма. Пры сабе нелегалы мелі прадукты, адзенне, а таксама грошы ў валютах розных краінаў.

Пазней у Шчучыне быў затрыманы 24-гадовы грамадзянін Расейскай Федэрацыі, які падазраецца ў арганізацыі незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы грамадзянамі Вʼетнаму.

Нелегалы будуць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, а вось у дачыненні да расейца ўзбуджаная крымінальная справа.

ГА, belsat.eu паводле gpk.gov.by

Стужка навінаў