Некамерцыйны праект «Coda Story» выпусціў мультфільм пра «Белсат»

Анімаваны ролік распавядае замежнікам пра тое, як працуе «Белсат» і навошта ён патрэбны.

У анімацыйным відэа, працягласць якога менш за паўтары хвіліны, распавядаецца складаная сітуацыя, у якую трапіў «Белсат» напачатку года: вядзецца пра сістэматычны пераслед журналістаў і аператараў. Гэтак толькі за асвятленне «пратэставай вясны» журналістам «Белсату» агулам прысудзілі штрафаў на суму каля 9 тысяч долараў.

Сярод іншага мультфільм дае адказы на пытанне, чаму ўвогуле важнае існаванне «Белсату».

Відэа суправаджаецца наступным тэкстам:

«Беларусь – краіна з адной з найбольш жорсткіх цэнзураў у свеце. 10 гадоў каманда журналісткаў працуе са сваіх кватэраў, каб даносіць нецэнзураваную інфармацыю да тысячаў беларусаў. Белсат – адзіны канал, які наважваецца крытыкаваць дыктатара Аляксандра Лукашэнку. Журналістаў атакуюць, запужваюць, ім пагражаюць. І цяпер канал могуць зачыніць. Але не беларускі рэжым, а таму што польскі ўрад вырашыў цяпер скараціць фінансаванне апазіцыйнага каналу. Прычына? Геапалітыка. Масква змяніла свой настрой адносна Беларусі, падмацоўваючы апасенні, што краіна можа стаць наступным Крымам. Беларусь выглядае на буфер паміж Еўропай ды Расеяй. Еўропа хоча лепшых стасункаў з «апошнім дыктатарам» кантыненту. І Лукашэнку патрэбная дапамога Еўропы для таго, каб справіцца з ціскам з расейскага боку. «Белсат» апынуўся пасярэдзіне. Але іронія ў тым, што «Белсат» таксама з’яўляецца найбольш крытычным голасам краіны супраць Расеі. Калі канал зачыніцца, і Еўропа, і Лукашэнка могуць прайграць. І Расея можа стаць пераможцам».

Coda Story – некамерцыйны журналісцкі праект, які бярэцца за асвятленне розных крызісных сітуацыяў, стараючыся пры гэтым сачыць за тэмай нават тады, калі мяняецца інфармацыйны парадак дня.

НМ, belsat.eu

Hавiны